У МАГІЛЁВЕ АДБЫЛОСЯ ПАСЕДЖАНЬНЕ МЯСЦОВАЙ КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Сябры рады, якія прадстаўляюць палітычныя партыі і трэці сэктар вобласьці, абмеркавалі праграму правядзеньня жалобных мерапрыемстваў на дзень Чарнобыльскай трагедыі. Дэмакратычныя сілы Магілёўшчыны ня будуць браць удзел у афіцыйным мітынгу. Яны маюць намер замовіць паніхіды па ахвярах Чарнобыльскай трагедыі, а пасьля са сьвечкамі ў руках правесьці гадзіну смутку. У гэты дзень магілёўскія дэмакраты таксама маюць намер наведаць чарнобыльскія раёны і выпусьціць інфармацыйны бюлетэнь.

Старшыня паседжаньня, кіраўнік мясцовай філіі БНФ Рыгор Костусеў упэўнены, што акцыя пройдзе пасьпяхова, бо на гэтым сходзе як ніколі праявілася адзінства дэмакратаў.