ГАРАДЗЕНСКІ АКТЫВІСТ МАЛЬЧЫК ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Выпусьцілі сп. Мальчыка на некалькі гадзінаў раней, чым міліцыя паведаміла ўсім зацікаўленым. Але ён вярнуўся да Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі, каб убачыцца з тымі, хто прыйшоў яго павітаць. Гаворыць Сяргей Мальчык:

(Мальчык: ) “Я, натуральна, вельмі рады, што нарэшце на свабодзе. 10 дзён ізаляцыі. Я быў “невывадны” — ёсьць такая катэгорыя ў прыёмніку-разьмеркавальніку, людзей не выпускаюць з камэры. Адзін раз толькі ў прыбіральню — а 6 гадзіне раніцы. Галоўная праблема, якая там была, гэта холад, таму што адключылі ацяпленьне. І ізаляванасьць ад усяго і ўсіх.

Дзякуй вялікі тым фронтаўцам, якія прыходзілі, прыносілі газэты, прыносілі мінэралку. Адчуваю я сябе нармальна. Ну, вядома, вялікая радасьць, што я нарэшце на свабодзе. Ёсьць слабасьць, ёсьць пэўныя болі ў сэрцы. Але гэта ўсё дробязі”.

Зь Ленінскага райаддзелу міліцыі выпусьцілі Вітаўта Рудніка і Зьміцера Ягорава. Іх пакаралі трыма суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку журналістаў "Пагоні". Яна адбылася ў мінулую пятніцу. Арыштам пакаралі 6 чалавек. Усе яны знаходзіліся ў адной камэры.

Вітаўт Руднік сказаў мне, што працягвае галадоўку за кратамі Станіслаў Пачобут. Яго арыштавалі на 10 сутак. Выпусьціць павінны ў наступны панядзелак. Арыштаваны на 8 сутак Андрэй Мялешка прымае толькі вэгэтарыянскую ежу.

Пачаўся суд над Юрыем Хадыкам, намесьнікам старшыні БНФ, які выступіў 24 сакавіка перад гарадзенцамі. Гаворыць Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Абвінавачваюць па артыкуле 167-м, частцы першай. Таму максымальна — гэта 10 сутак. Я менавіта хацеў бы, каб былі суткі, калі не папярэджаньне. Таму што дурацкая практыка агромністых штрафаў, яна толькі падтрымлівае ўсю гэтую сыстэму. Я магу сказаць, што пазыцыі міліцыі даволі-такі слабыя. Таму што сьведка адзін, які з боку міліцыі выступаў, ён сказаў, што быў загад арыштоўваць тых, хто выступае. Гэта наагул парушэньне ўсякіх канстытуцыйных правоў чалавека на атрыманьне інфармацыі, абмен інфармацыяй”.

Сёньня ж свой прысуд за ўдзел у акцыі 5 красавіка ў падтрымку журналістаў "Пагоні" павінны атрымаць тры сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гэта — Юлія Дарашкевіч, Алеся Сідлярэвіч і Анджэй Кусяльчук.