НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ

Сяргей Шупа, Вільня

Падчас абвяшчэньня навінак сэзону музычны дырэктар тэатру Антоніё Папана зазначыў, што новая пастаноўка мусіць надаць больш прагрэсіўны вобраз тэатру, які часта крытыкуюць за кансэрватыўнасьць і элітарнасьць. Рэжысэрам опэрнага спэктаклю будзе Трэвар Нан, вядомы сваімі пастаноўкамі брадвэйскіх мюзыклаў. Паведамляецца, што кошты білетаў на новую опэру ня будуць перавышаць 70 даляраў, каб прыцягнуць у тэатар новую, менш арыстакратычную аўдыторыю.

ЛЁНДАН. Галівудзкая супэрзорка Робэрт Дэ Ніра і легендарны брытанскі рок-гурт “Queen” абвясьцілі аб выхадзе на сцэны новага мюзіклу “We Will Rock You”, заснаванага на музыцы “Queen”. Ідэя мюзыклу ўзьнікла на Вэнэцыянскім кінафэстывалі ў 1996 годзе, дзе перад конкурсным фільмам Дэ Ніра дэманстравалася некалькі кароткіх фільмаў пра славуты рок-гурт. Пастаноўку мюзыклу фінансуе прад’юсэрская кампанія Дэ Ніра. Аўтар сцэнару Бэн Элтан сказаў, што новы твор спалучае ў сабе дух фільмаў “Матрыца”, “Тэрмінатар-2” і легендаў пра караля Артура і рыцараў Круглага Стала. Прэм’ера мюзыклу адбудзецца ў Лёндане 14 траўня.

ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Амэрыканка аўстрыйскага паходжаньня Марыя Альтман патрабуе ад ураду Аўстрыі вярнуць ёй шэсьць карцінаў Густава Клімта, нібыта адабраных у яе сям’і нацыстамі. Згаданыя карціны захоўваюцца ў Нацыянальнай Галерэі ў Вене і ацэньваюцца на 150 мільёнаў даляраў. Паводле адвакатаў аўстрыйскага ўраду, карціны падаравала музэю цётка пазоўніцы – Адэле Блох-Баўэр. Сярод шасьці карцінаў – славуты партрэт гэтай самай цёткі, які лічыцца шэдэўрам авангарднага мастацтва.

РАМАЛАГ (ПАЛЕСТЫНСКАЯ АЎТАНОМІЯ). Галівудзкі рэжысэр Олівэр Стоўн зьняў на на стужку сустрэчу з палестынскім лідэрам Ясірам Арафатам, наведаўшы на мінулым тыдні ягоную сядзібу ў Рамалагу. Паведамляецца, што Стоўн здымае фільм, прысьвечаны ваенным канфліктам, аднак сам ён адмовіўся абмяркоўваць свой новы праект, які ён ажыцьцяўляе разам з гішпанскімі й францускімі тэлежурналістамі. Олівэр Стоўн атрымаў прэмію “Оскар” у 1986 годзе за фільм “Узвод”, прысьвечаны вайне ў Віетнаме.

ВАШЫНГТОН. Падлеткі, якія глядзяць тэлевізар больш чым адну гадзіну за дзень, будуць мець значна большую схільнасьць да гвалту, чым тыя, хто глядзіць менш за гадзіну. Да такіх высноваў прыйшлі дасьледнікі з Калюмбійскага Ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку, якія на працягу 17 гадоў дасьледавалі 707 дзяцей і падлеткаў і параўноўвалі вынікі апытаньняў з крымінальнай статыстыкай. Найбольшая розьніца ў выніках назіраецца на мяжы адной гадзіны штодзённага глядзеньня – агрэсіўнасьць тых, хто праводзіць за экранам больш за гадзіну штодня, павышаецца ў чатыры разы. У сярэднім за адну гадзіну на тэлеэкране паказваецца да пяці актаў жорсткасьці.