“АПАЗЫЦЫЯНЭРЫ ПАВІННЫ ЕЗЬДЗІЦЬ НЕ Ў БЭРЛІН, А Ў КЛЕЦАК”

Валянцін Жданко, Менск

Апошнія апазыцыйныя мітынгі і шэсьці ў Менску, якія былі ня надта масавымі і шматлюднымі, схілілі асобных нашых слухачоў да новых развагаў наконт апазыцыі — яе тактыкі, яе памылак і няўдачаў, мэтаў, якія яна перад сабой ставіць. Вось які ліст на гэтую тэму даслала Алена Лупсякова зь Менску:

“Слухаю я часам па Свабодзе апазыцыянэраў і думаю – як жа далёка яны ад жыцьця простых людзей. Езьдзяць то ў Нямеччыну, то ў Швэцыю, то ў Бэльгію — а пра тое, што турбуе якую-небудзь бабулю ў Клецкім раёне — і думаць ня хочуць. Я так бачу: у Беларусі апазыцыя сама па сабе, а людзі — самі па сабе. Праўда, улада таксама ня дужа дбае пра народ, але Лукашэнка хоць бы ведае, чаго хоча і пра што думае просты беларус.

Часам у мяне ўражаньне, што апазыцыянэрам нават выгаднае такое становішча. Яны ведаюць, што ня маюць шанцаў на ўладу, але ім прыемны такі занятак — езьдзіць па багатых краінах, распавядаць пра рэжым і такім чынам бязьбедна існаваць.

Крыўдна, што няма таленавітай яркай асобы, якая б ведала, як вылезьці з гэтай багны, якая б павяла за сабой людзей. Беларусы даўно стаміліся жыць у гэтай шэрай беспрасьветнай будзённасьці. Ім патрэбныя ідэалы і моцная таленавітая асоба, якая б вакол гэтых ідэалаў згуртавала і павяла за сабой. Але, падобна, у дзесяцімільённым нашым народзе такой асобы няма”.

Відавочна, у чымсьці вы, Алена, маеце рацыю. Падобныя абвінавачаньні на адрас апазыцыйных палітыкаў гучаць часта, у тым ліку і ў асяродзьдзі самой апазыцыі. І нельга выключаць, што ёсьць у шэрагах актывістаў апазыцыйных партыяў людзі ня толькі з сумленнымі памкненьнямі і мэтамі.

Ня думаю, аднак, што было б справядліва адрасаваць гэтыя абвінавачаньні ўсім апазыцыйным лідэрам — у тым ліку і тым, што езьдзяць, як вы пішаце, “то ў Нямеччыну, то ў Бэльгію”. Многія зь іх езьдзяць і па райцэнтрах, і па вёсках; многія пасьля масавых акцыяў пратэсту не адзін тыдзень правялі ў зьняволеньні; многіх зьбівалі і катавалі міліцыянты. Яны даўно мелі і маюць магчымасьць падацца ў эміграцыю, але не зрабілі гэтага. І гэта таксама трэба мець на ўвазе, кажучы пра іхную дзейнасьць.

На пытаньне — “Чаму многія людзі перасталі прыходзіць на апазыцыйныя акцыі?” — вельмі шчыра адказаў у сваім лісьце наш слухач зь Менску Сяргей Шаўчэнка:

“Я часта са сьлязамі на вачах згадваю, як дзесяць гадоў таму стаяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам. Якія адухоўленыя былі твары ў тых людзей, якія стаялі побач са мной, як мы верылі ў хуткую перамогу, у незалежную і шчасьлівую краіну. І якімі наіўнымі былі тыя спадзяваньні.

З часам жаданьне выходзіць на плошчу зьнікла — пасьля таго, як стала зразумела, што поруч з табой гатовы стаць не мільёны і нават ня тысячы — а ўсяго некалькі сотняў людзей. Астатнія ж у лепшым выпадку раўнадушна глядзяць на цябе, а ў горшым – шлюць праклёны і на цябе, і на гэты сьцяг. І аднойчы я сказаў сабе: калі гэтым людзям падабаецца іхнае жыцьцё, то навошта ты спрабуеш яго зьмяніць. Няхай жывуць так, як хочуць”.

Тую кароткую вясну нацыянальнага адраджэньня ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў гэтак жа, як і вы, Сяргей, зь цеплынёй і сумам згадваюць сотні тысяч людзей. І тое, што іх няма цяпер сярод пікетоўшчыкаў ці ўдзельнікаў мітынгаў, зусім не азначае, што яны абыякавыя да таго, што адбываецца ў краіне, ці што іх задавальняе цяперашняе жыцьцё і яны не хацелі б яго зьмяніць.

Увогуле, ад грамадзтва немагчыма патрабаваць ці чакаць пастаяннай высокай актыўнасьці, гатовасьці штотыдзень ці штомесяц выходзіць на плошчу. Асабліва пад старымі заклікамі і лёзунгамі. Відавочна, гэта павінны ўлічваць і палітыкі, якія таксама любяць паразважаць пра апатыю грамадзтва.

Незадаволены пачутым на Радыё Свабода, даслаў нам свае заўвагі і прэтэнзіі Алесь Башко з Горадні:

“Вельмі слабыя вашы перадачы, як быццам (і гэта хутчэй за ўсё) ня наскія. Гэтым, мабыць, і тлумачыцца, што не чуваць на вашых хвалях галасоў Алеся Пушкіна ці Славаміра Адамовіча. Апошняга, праўда, пусьцілі нядаўна ў эфір прачытаць пра сваё перажытае. Але на шырокі камэнтар падзей і пра нараблёнае — а ні-ні, не пускаеце. А гэта ж асобы зь ясным сьветапоглядам і ўнутранай свабодай. І яны незапатрабаваныя.

Колькі ўжо разоў вам казалі, у тым ліку і з высокіх трыбунаў, пра вашыя недахопы. Нешта не адчуваецца, што гэта НАШАЕ радыё. Ну вось, скажам, апошняя перадача пра падманутых укладчыкаў. Размова зь недасьведчанымі Леанідам Злотнікавым і Валерам Дашкевічам. Поўная прафанацыя. Людзі ня ведаюць нават элемэнтарнага, адкуль ногі растуць, а лезуць разважаць пра глябальнае і спэцыфічнае. Вы б яшчэ Фядуту паклікалі. Ён апошнім часам у вас таксама гучыць.

Увогуле, выснова мая такая: паўлазілі ў рэдакцыю розныя падазроныя асобы — і плятуць абы што не на карысьць беларушчыны. А вынікі — кажуць самыя за сябе”.

Цяжка лічыць вашыя абвінавачаньні, спадар Башко, слушнымі і абгрунтаванымі. Мастак Алесь Пушкін і паэт Славамір Адамовіч даволі часта гучаць у нашым эфіры. Зьвяртаемся мы да іх і па камэнтары — але найперш, зразумела, датычна да падзеяў мастацкага, культурнага жыцьця.

Што да перадачы “Экспертыза Свабоды” з удзелам Леаніда Злотнікава і Валерыя Дашкевіча, то абодва гэтыя адмыслоўцы — вядомыя эканамічныя аналітыкі, прафэсіяналы ў сваёй галіне.

Увогуле, спадар Башко, мы лічым, што на радыё павінны гучаць розныя меркаваньні і давацца ўсебаковая ацэнка падзеяў, зьяваў і фактаў. Тое, што, да прыкладу, мы не падзяляем поглядаў Аляксандра Фядуты ці Паўла Якубовіча, зусім не азначае, што ім павінны быць закрыты доступ да эфіру і што іхныя аргумэнты пры абмеркаваньні тых ці іншых праблемаў не цікавыя шырокай аўдыторыі.

Ліст ад Івана Хахла зь нямецкага горада Зігэна:

“Нядаўна пачуў па Свабодзе цікавую гутарку з паважаным Міхасём Чарняўскім. Прыгадваю, як у 1973 годзе наш тагачасны выкладчык педінстытуту ў Горадні Іван Крэнь (ён жа — парторг інстытуту), паціраючы ад задавальненьня далоні, казаў: “…А нацыяналіст Чарняўскі зараз працуе дзесьці на вакзале – грузчыкам!”

Гэты ваш ліст, спадар Хахол, я днямі паказаў Міхасю Чарняўскаму. І ён згадаў тыя падзеі. Сапраўды, кажа, пасьля пільнай увагі з боку КГБ на пачатку 1970-х гадоў страціў працу ў Інстытуце гісторыі ды працаваў грузчыкам — праўда, не на вакзале.

Цікава, што згаданы ў лісьце Іван Крэнь сёньня зь Міхасём Чарняўскім ветліва вітаецца. І спадар Міхась не крыўдуе на яго — час быў такі, кажа, — партактыву ў інстытуты дасылалі абавязковыя дырэктывы: каго і як ганьбіць за нацыяналізм. Ці варта дужа жорстка асуджаць за гэта залежных ад улады людзей?

І такое стаўленьне да тых далёкіх падзеяў, на маю думку, уласьцівае па-сапраўднаму моцным і мудрым людзям.

На заканчэньне — ліст ад Веры Касновіч з паселішча Навагарадзейскі Нясьвіскага раёну:

“Я — вельмі даўняя слухачка вашага (і майго) радыё. Нават калі нядаўна была ў гасьцях у сына ў Рызе — і там прачыналася раніцай з навінамі Свабоды і са Свабодай жа апоўначы засынала.

Вельмі хацела б (і ня толькі я, а і ўсё наша сяброўскае кола), каб у перадачы “Мэлёдыя дня” прагучалі творы слыннага сына нашай Радзімы — паэта і кампазытара Пётры Нядзьвецкага. На 3-ім зьезьдзе беларусаў сьвету даведалася, што ён, на жаль, ужо адышоў з жыцьця. Пры жыцьці ён марыў, каб ягоныя песьні гучалі на Радзіме. Я маю нават прэзэнтаваныя ім касэты з запісамі ягоных словаў і музыкі.

Мы жывём надзеяй, што марш ягоны “Ідуць жаўнеры-беларусы” адродзіцца, і нашае войска мірным крокам будзе ісьці ў вольнае, сьветлае жыцьцё”.

Вялікі дзякуй вам, спадарыня Вера, за цёплыя словы і за ўвагу да нашай працы. Што да вашай прапановы, мы абавязкова пастараемся яе ўлічыць.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Сяргей Шышлакоў з украінскага сяла Навасёлаўка Вальнянскага раёну Запароскай вобласьці, Васіль Пракопаў з Асіповічаў, Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў, Алесь Шустоўскі з Барысава, Эдуард Тобін са Смалявічаў, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну і Мікалай Невядомскі зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Лістуйце. Чакаем новых допісаў.