ПРЫПЫНІЛІ РАЗГЛЯД КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ ЗА АБРАЗУ ЛУКАШЭНКІ, БО ЗЬНІКЛА АДКАЗЧЫЦА

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Натальля Брэль сёньня другі раз не зьявілася ў суд. Ейная маці Яўгенія Міхайлаўна патлумачыла, што дачку не застала дома яшчэ дзесяць дзён таму.

Крымінальны перасьлед асьпіранткі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Натальлі Брэль распачаўся летась у жніўні за тое, што яна перадала праз гарвыканкам да дня народзінаў Аляксандра Лукашэнкі падарункі рэчычанаў. Сярод іх была завязаная пятлёй вяроўка ды іншыя дробныя рэчы з адмысловымі пажаданьнямі.