НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІІ

Віталь Цыганкоў, Прага

“Сыгвэй” падобны на двухколавы самакат. У новага транспарту няма рухавіка, руля і тармазоў, ён працуе на сілкаваньні. Тым ня менш, як мяркуе ягоны вынаходнік Дын Кэймэн, “Segway Human Transporter” заменіць ровар і аўтамабіль і зробіцца асноўным відам транспарту ў горадзе. Тыя, хто ўжо бачыў “Сыгвэй”, называюць яго самым вялікім вынаходніцтвам апошніх гадоў і заяўляюць, што гэта можа перавярнуць сьвет. Каштаваць гэты самакацік будзе, аднак, каля 3 тысяч даляраў. Зараз на сайце Amazon.com праходзіць аўкцыён продажу першага “Сыгвэя”. Патэнцыйныя пакупнікі ўжо гатовыя аддаць звыш 100 тысяч даляраў.


* * *
Навукоўцы маюць намер правесьці перапіс усіх жывых істотаў, якія сустракаюцца на Зямлі. Грандыёзны праект разьлічаны на 25 гадоў і на яго мяркуецца выдаткаваць 3 мільярды даляраў. У рамках ініцыятывы, названай “All Species Іnventory” (Інвэнтарызацыя ўсяго жывога) усе вядомыя віды й роды, сем’і й падвіды будуць апісаныя, сыстэматызаваныя і клясыфікаваныя. На сёньня з больш як 100 мільёнаў жывых істотаў апісаныя толькі 2–2,5 мільёна.


* * *
Магчыма, набліжаецца той дзень, калі для масавай вытворчасьці харчоў ужо не спатрэбіцца забіваць жывёлаў і лавіць рыбу. Амэрыканскі біяінжынэр Морыс Бэнджамінсан заявіў пра пасьпяховае завяршэньне экспэрымэнту па вырошчваньню рыбнага філе ў адмысловай рошчыне. Сутнасьць экспэрымэнту ў наступным – Бэнджамінсан з калегамі разьмесьціў кавалачак залатой рыбкі ў рошчыне, якую выкарыстоўваюць для вырошчваньня клетак. Асноўная частка рошчыны – гэта насычаная гармонамі й пажыўнымі рэчывамі кроў эмбрыёнаў. За тыдзень рыбны кавалак павялічыўся на 14%. Экпэрымэнт праводзіўся на замову NASA, якое рыхтуецца да трохгадовага палёту на Марс і распрацоўвае “касьмічную ежу”.


* * *
Хімікі з амэрыканскага Карнэльскага ўнівэрсытэту распрацавалі новы кампазытны матэрыял, які назвалі гнуткай керамікай. Яна складаецца зь мікраскапіячных кавалкаў крэмнія і палімэраў і мае ўнікальныя ўласьцівасьці. Новыя матэрыялы празрыстыя як шкло, гнуткія, элястычныя і пры гэтым трывалыя – адрозна ад керамікі, яны не ламаюцца. Некаторыя тыпы гнуткай керамікі выявіліся як цудоўныя праваднікі іёнаў, таму яны будуць выкарыстоўвацца як электраліты ў батарэях новага пакаленьня.


* * *
Міністры транспарту краінаў Эўразьвязу ўхвалілі выдзяленьне сродкаў на стварэньне эўрапейскай спадарожнікавай сыстэмы “Галілея”. Агульны аб’ём неабходных укладаньняў ацэньваецца на 3,6 мільярда даляраў. У рамках праграмы прадугледжанае стварэньне і запуск на каляземную арбіту 38 спадарожнікаў. Новая спадарожнікавая сыстэма дазволіць эўрапейцам распрацаваць сыстэму навігацыі, аналягічную амэрыканскай ваеннай сыстэме.