ЛУКАШЭНКА ВУЧЫЦЬ ЧЫНОЎНІКАЎ

Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня ва ўступным слове на адкрыцьці сэмінару для высокапастаўленых чыноўнікаў Аляксандар Лукашэнка заклікаў павучыцца ў прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў, маючы на ўвазе нядаўнія рашэньні аб абмежаваньні паставак замежнай сталі на амэрыканскі рынак.

Лукашэнка прызнаў, што Беларусь і Расея будуюць свае дзяржавы зыходзячы "з эфэмэрных мадэляў, якія навязвае Захад, а не са сваіх інтарэсаў". Таму ў Расеі, як і ў Беларусі, паводле ягоных словаў, сытуацыя толькі пагаршаецца. Нягледзячы на гэта, спадар Лукашэнка назваў Беларусь адзіным адданым саюзьнікам Расеі ды паабяцаў працягваць гэты палітычны курс.

Сэмінар, якім асабіста кіруе Лукашэнка, патрэбны, паводле ягоных словаў, дзеля адзінства думак чыноўнікаў у разуменьні дзяржаўнай стратэгіі, асабліва ў іх выказваньнях за мяжой.

Як афіцыйна паведамляецца, упершыню за сем гадоў Аляксандар Лукашэнка прыняў на сябе кіраваньне такім сэмінарам. Раней гэтай вучобай займаўся кіраўнік ягонай адміністрацыі. Сёньня на двухдзённы сэмінар сабралася ўсё кіраўніцтва розных галінаў улады. У якасьці лектараў выступаюць некалькі расейскіх і беларускіх навукоўцаў, а таксама высокапастаўленыя беларускія кіраўнікі-практыкі, напрыклад, старшыня ўраду Генадзь Навіцкі, міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў.

Расейскія навукоўцы распавялі пра досьвед сацыяльна-эканамічных пераўтварэньняў у Расеі й Кітаі. Паводле словаў намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Козіка, беларускае кіраўніцтва павінна выкарыстаць досьвед менавіта гэтых дзьвюх дзяржаваў.

Паводле прэсавага сакратара Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Пяткевіч, патрэба ў асабістым прэзыдэнцкім кіраўніцтве сэмінарам узьнікла з тае прычыны, што вучацца прадстаўнікі розных галінаў улады. Вось што Натальля Пяткевіч сказала пра зьмест вучобы:

(Пяткевіч: ) “Гэта навукова-папулярныя лекцыі дзеля павышэньня ўзроўню... Проста цікава паслухаць выбітных вучоных, тым больш прыежджых”.

Аляксандар Лукашэнка і сам удзельнічае ў паседжаньні некалькіх сэкцыяў гэтага сэмінару. Чакаецца, што заўтра ён выступіць з прамовай ці лекцыяй.