БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ МОЎНЫ СЫМПОЗІЮМ НЕ ПАДТРЫМАЛІ

Валянціна Аксак, Менск

У створаны пры канцы мінулага году аргкамітэт сымпозіюму ўвайшлі прадстаўнікі Таварыства беларускае мовы, Саюзу пісьменьнікаў, ПЭН-цэнтру й намесьнікі міністраў некалькіх міністэрстваў і ведамстваў. Аднак менавіта гэтыя апошнія не спрыяюць падрыхтоўцы важнае міжнароднае імпрэзы, на якую зьбіраецца прыехаць генэральны дырэктар UNESCO Кайчыра Мацууры. Асабліва гэта выявілася ў падрыхтоўцы тэматычных "круглых сталоў", якія паводле пляну аргкамітэту мусяць адбыцца ў сакавіку-траўні дзеля больш грунтоўнага аналізу становішча беларускай мовы напярэдадні міжнароднага абмеркаваньня.

Вось што сказаў з гэтай нагоды старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Трэба, каб міністэрствы далі інфармацыю, як яны ў сваёй працы выкарыстоўваюць беларускую мову: які адсотак беларускамоўнае рэклямы, назваў прадукцыі і г.д. Якраз з гэтаю інфармацыяй і ўзьніклі праблемы. Так, напрыклад, Міністэрства гандлю пад усялякімі адгаворкамі не дае нам сваіх зьвестак. І гэта ня дзіўна, бо пераважная бальшыня іхнае рэклямы тавараў зробленая па-расейску. Міністэрства эканомікі таксама маўчыць пра тое, чаму зьнікаюць ці зьніклі зусім беларускія назвы з вырабаў беларускіх прадпрыемстваў. Апошні прыклад — фабрыка "Камунарка". Беларускіх назваў на ейных папулярных цукерках ужо няма зусім. Таму міністэрствы й ня хочуць удзельнічаць у падрыхтоўцы гэтага кангрэсу і не даюць ніякай інфармацыі".

У дазеным выпадку гаворка йдзе пра падрыхтоўку круглага стала "Аб нацыянальнай тоеснасьці мовы ў рэкляме і маркетынгу", які ў пляне аргкамітэту мае быць 11красавіка.

Але, як паведаміў нам каардынатар аргкамітэту пісьменьнік Васіль Якавенка, найбольшыя праблемы паўсталі ў падрыхтоўцы паседжаньня па праблеме беларускае мовы ў сфэры адукацыі. За тры месяцы дзейнасьці сяброў камітэту так і не прыняў міністар адукацыі Пётар Брыгадзін. Прычына, на думку спадара Якавянкі, палягае ў тым, што міністар адмоўна ставіцца да галоўнае тэмы плянаванае гаворкі — адкрыцьця Нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Старшыня ж ТБМ Алег Трусаў лічыць, што чыноўнікі ўсіх ведамстваў ня хочуць кантактаваць з аргкамітэтам, бо ім давядзецца канстатаваць няўхільнае пагаршэньне стану нацыянальнае мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця краіны. Таму за лепшае яны выбіраюць тактыку ігнараваньня міжнароднага сымпозіюму.