У ТРАЎНІ Ў ПОЛЬШЧЫ ПАЧНЕЦЦА АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫ ПЕРАПІС НАСЕЛЬНІЦТВА

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Сёлетні перапіс ад папярэдняга розьніцца тым, што ў анкеце зьявілася новае пытаньне – нацыянальнасьць. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасьці выступаюць супраць навіны. А дзяржаўныя чыноўнікі запэўніваюць, што гэта толькі дапаможа меншасьцям атрымаць дапамогу па далучэньні Польшчы да Эўрапэйскага Зьвязу.

Прадстаўнікі беларускай, украінскай і татарскай нацыянальных меншасьцяў у Польшчы заявілі напярэдадні, што ў перапісе пытаньне пра нацыянальнасьць ня ёсьць неабходным, а можа толькі стаць крыніцай канфліктаў ды дадаць праблемаў грамадзянам Польшчы няпольскага паходжаньня, прыкладам, у дзяржаўных установах.

Праціўнікі пытаньня пра нацыянальнасьць таксама лічаць, што вынікі перапісу ня будуць адлюстроўваць сапраўднай колькасьці прадстаўнікоў той ці іншай нацыянальнай меншасьці, бо многія пабаяцца магчымых клопатаў і перапісчыкам назавуцца палякамі.

Аднак дзяржаўныя чыноўнікі заяўляюць, што нацыянальным меншасьцям няма чаго баяцца наступнага перапісу, а пытаньне пра нацыянальнасьць толькі дапаможа выпрацаваць новыя, сучасныя падыходы да працы з меншасьцямі на ўсіх узроўнях.

“Ня бойцеся перапісу. Ён дапаможа стварыць належную базу зьвестак пра нацыянальныя меншасьці. Гэтая база дапаможа польскаму ўраду выпрацаваць адпаведную пазыцыю ў часе перамоваў з Эўразьвязам у справе аховы нацыянальных меншасьцяў”, – заявіў напярэдадні ў часе сустрэчы з прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Кшыштаф Янік.

Прадстаўнікі польскіх статыстычных службаў нагадваюць, што пытаньне пра нацыянальную прыналежнасьць мае выключна дэкляратыўны характар – на яго можна не адказваць.

Аднак, як паведаміў Радыё Свабода старшыня Зьвязу беларусаў Польшчы Яўген Вапа, засьцярогі нацыянальных меншасьцяў маюць падставы. Найперш яны зьвязаныя з магчымай дыскрымінацыяй на рынку працы, а таксама гісторыяй міжваенных і паваенных польска-беларускіх стасункаў на Беласточчыне. А выпадкі дыскрымінацыі, паводле спадара Вапы, на жаль, ёсьць.

Спадар Вапа мяркуе таксама, што нягледзячы на пратэсты, пытаньне пра нацыянальнасьць у блянках агульнапольскага перапісу застанецца. Ніякай інфармацыі пра магчымыя зьмены няма і з боку польскіх ўладаў.

Варта адзначыць, што цяпер у Польшчы жывуць больш за паўтара мільёна прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, сярод якіх, паводле розных падлікаў, ад 200 да 300 тысяч – беларусы. Гэтыя агульнапрынятыя ў Польшчы лічбы падаюцца на падставе дасьледаваньняў гісторыкаў, ацэнак дзеячоў арганізацыяў нацыянальных меншасьцяў, а таксама зьвестак праваслаўнай царквы ў Польшчы, бо пераважная большасьць беларусаў –праваслаўныя.

Апошні перапіс насельніцтва ў Польшчы, у часе якога ставілася пытаньне аб нацыянальнасьці, праходзіў больш як паўстагодзьдзя таму. Аднак ягоныя вынікі, што да колькасьці грамадзянаў няпольскага паходжаньня, паводле прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, ня можна лічыць за сапраўдныя.