ЯК БЕЛАРУСЫ СТАВЯЦЦА ДА МІЛІЦЫІ?

Ганна Соусь, Менск

Ці здольная беларуская міліцыя абараніць сваіх грамадзянаў? Адметна, што большасьць апытаных мной людзей адказалі на гэтае пытаньне адмоўна. Гаворыць пэнсіянэр спадар Іван:

(Спадар Іван: )"Не, там шмат карумпаваных і несправядлівых. Даверу да іх няма".

(Карэспандэнтка: )"А вы сутыкаліся з гэтым у жыцці, калі так сьцьвярджаеце?

(Спадар Іван: ) "І сустракаўся, і бачу іхнае стаўленьне да народу".

А вось меркаваньне прадпрымальніка Сяргея:

(Сяргей: ) "Напэўна здольная, калі яе столькі. Наша міліцыя нас беражэ — спачатку пасадзіць, потым сьцеражэ. Вось такая думка пра нашую міліцыю".

Многія мае суразмоўцы распавядалі пра свой досьвед стасункаў зь міліцыяй. Прыкладам, школьнік Алег Гнедчык узгадаў акцыю Маладога Фронту ў дзень сьвятога Валянціна:

(Гнедчык: ) "Забіралі нявінных людзей. Была такая дзяўчына Чарныш, да яе падляцелі амонаўцы й пачалі біць па нырках, потым забралі. Калісьці ў Курапатах пяском засыпалі, забіралі, білі. Я мяркую, што яны нас не абараняюць".

Сярод апытаных былі й тыя, хто пацярпеў ад беларускай міліцыі зусім нядаўна. Гаворыць беспрацоўны Андрэй:

(Андрэй: ) "Як можа абараніць той чалавек, які спыняе мяне на вуліцы, выхоплівае, запытвае дакумэнты. Да таго ж нахабна спыняе, ледзь не заламвае рукі. І мяне гэты чалавек будзе абараняць?"

А вось пэнсіянэр спадар Алесь ставіцца да міліцыі з павагай і ўпэўнены, што яна здольная абараніць беларусаў:
(Алесь: ) "Канешне, можа. Цяпер не такі час, што капелюшы зрываюць".

(Карэспандэнтка: ) "А у Вас ёсьць знаёмыя міліцыянты?"

(Алесь: ) "Мой зяць міліцыянт. Зарабляе ж болей за нас, рабочых на заводах. Цяпер жа ім добра плацяць".

А вось дзяўчына Каця ня здолела адшукаць добрых словаў на адрас беларускіх міліцыянтаў нават у дзень іх прафэсійнага сьвята:

(Каця: ) "Лічаць сябе лепшымі за ўсіх і хочуць нас прынізіць. Я проста працавала... Міліцыянты павінны былі нас абараняць, а на самой справе ў самы патрэбны момант яны зьбеглі".

Некаторыя апытаныя параўноўвалі цяперашнюю міліцыю з той, што была раней. Гаворыць падаткавая інспэктарка Натальля:

(Натальля: ) "Мой бацька быў міліцыянтам. І раней мы былі больш абароненыя. Цяпер я не спадзяюся на міліцыю. Як грамадзянка, я неабароненая".

Сёньня мне давялося паразмаўляць і з самімі міліцыянтамі. Адзін зь іх, старшына міліцыі Маскоўскага райаддзелу Валер Данільчык шчыра прызнаўся:

(Данільчык: ) "З-за нашай працы часам даводзіцца рабіць людзям дрэнна — штрафы й гэтак далей. І таму звычайна людзі гавораць пра міліцыю не зусім добра, дрэнна гавораць".

(Карэспандэнтка: )"Але ж Вы выбралі гэтую прафэсію..."

(Данільчык: ) "Таму што мне падабаецца мая праца".

І ўсё ж, ці адчуваюць беларусы сябя абароненымі ў сваёй краіне?

(Спадар: ) "Ні ў якім разе не адчуваю".

(Другі спадар: ) "Яны змагаюцца з апазыцыяй, а не з бандытамі".