УЛАДЫ МАГІЛЁВА ЗАБАРАНІЛІ МІТЫНГ, ШЭСЬЦЕ І ПІКЕТ РАБОЧЫХ 23 ЛЮТАГА

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Заяву ў гарвыканкам падпісалі рабочыя пяці прадпрыемстваў гораду. Большая частка з тых, хто падпісаў, — прадстаўнікі будаўнічага трэсту №12. Падпісанты пратэставалі супраць затрымак заробкаў, дрэнных умоваў працы і невыкананьня калектыўных дамоваў з боку адміністрацыі. Арганізатары таксама патрабавалі выплаты магілёўскім будаўнікам заробленых у Падмаскоўі грошай.

Як вядома, абласны суд не задаволіў пазоў будаўнікоў да адміністрацыі трэсту з патрабаваньнем выплаціць сутачныя за кожны дзень працы ў Расеі і даплаціць да ўзроўня сярэднямесячнага магілёўскага заробку.

Чынавенства выказала зьдзіўленьне — чаму мітынг пажадалі праводзіць у дзень абаронца Айчыны. Рабочыя патлумачылі, што лічаць 23 лютага ня сьвятам, а звычайным непрацоўным днём. Яны мяркуюць, што час і месца правядзеньня мітынгу пацягнулі адмоўнае рашэньне ўладаў. Ініцыятары акцыяў меркавалі правесьці пікетаваньне на пляцы Леніна, шэсьце — па вуліцы Першамайскай і мітынг — на Савецкім пляцы.

Улады адмовіліся даць дазвол на правядзеньне акцыяў у любым месцы гораду на той падставе, што арганізатары ня вызначылі адказных за іхнае правядзеньне. Сёньня рабочыя яшчэ ня вызначыліся, ці будуць яны выходзіць на вуліцу 23 лютага.