ДОПІНГАВЫ СКАНДАЛ ВАКОЛ БЕЛАРУСКАЙ КАНЬКАБЕЖКІ

Кастусь Бандарук, Прага

Як паведаміў выканаўчы дырэктар Міжнароднага алімпійскага Камітэту Франсуа Каррар, першы тэст на допінг паказаў, што ўзровень забароненага анаболіку-надралёну ў 380 разоў перавышае норму. “Кіраўнік беларускай дэлегацыі добра ведаў, што спартовец павінен здаць паўторны аналіз і прыйсьці на размову разам са сваім трэнэрам, аднак ніхто зь іх не зьявіўся, ” - сказаў Каррар. Ён перакананы, што Бырычка ведаў пра вынікі першага тэсту і рэкамэндаваў спартоўцу не хадзіць на паўторны аналіз, і пакінуць Алімпіяду”.

Аднак як паведаміў намесьнік міністра спорту і турыстыкі Беларусі Аляксандар Грыгораў, у Юліі Паўловіч, якая выступае ў спаборніцтвах у шорт-трэку, 17 лютага з парушэньнямі ўзялі пробу на допінг. Паводле інфармацыі BBC, тэст ня быў належным чынам апячатаны і вынікі аналізу можна было лёгка апратэставаць. Дарэчы, беларуская дэлегацыя падала пратэст, які быў задаволены. Аднак, на думку Грыгорава, калі спартоўцы прапанавалі паўторна прайсьці тэст, яна адмовілася і зьехала, кіраўнік місіі павінен быў узяць у трэнэра пісьмовае тлумачэньне.

Паводле Грыгорава, падобны інцыдэнт здарыўся пад час Алімпіяды ў Сыднэі. Калі беларускіх спартоўцаў выклікалі на антыдопінгавы тэст, аказалася, што яны зьехалі ў другі горад. Аднак кіраўнік беларускай групы перадаў камісіі пісьмовае тлумачэньне, і пытаньне было зьнятае.

Варта адзначыць, што менавіта Аляксандар Грыгораў павінен быў выконваць ролю кіраўніка беларускай місіі і на Зімовых Гульнях у Солт Лэйк Сыты. Аднак у часе паседжаньне Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту 11-га студзеня прэзыдэнт гэтай арганізацыі Аляксандар Лукашэнка патрабаваў паслаць заміж яго Яраслава Барычку.

Зараз Міжнародны Алімпійскі Камітэт мае намер правесьці рассьледваньне інцыдэнту з прадстаўнікамі Беларусі на Алімпіядзе. Вынікі яшчэ не вядомыя, але з прычыны скандалу Менску ўжо пагражаюць сур’ёзныя санкцыі. У прыватнасьці, можа быць скасаваная фінансавая дапамога па лініі “Алімпійскай Салідарнасьці”. Летась беларускі Нацыянальны Камітэт атрымаў 120 тысячаў даляраў.

Дарэчы, цягам апошніх 10-ці месяцаў Міжнароднае Супраць-Допінгавае Агенцтва паддало допінгавай праверцы 1621 спартоўца, якія рыхтаваліся да Алімпіяды ў Солт Лэйк Сыты. 27 спартоўцаў былі выключаныя з бліжэйшых спаборніцтваў, некаторыя тэрмінам на два гады. Швэдзкі хакеіст Матыяс Олунд ледзьве быў дапушчаны да зімовых гульняў, паколькі ён прымаў недазволены сродак пасьля апэрацыі на вока.