ВІНЦУК ВЯЧОРКА: НЕ ПАВІННА БЫЦЬ НІ ПАЎЗУЧАГА, НІ РАПТОЎНАГА ПРЫЗНАНЬНЯ ЛУКАШЭНКАВАГА РЭЖЫМУ З БОКУ ЭЎРОПЫ

Вольга Караткевіч, Прага

(Вячорка: ) “Мы знаемся вельмі даўно, з канца 80-х. Цяпер мы менш займаліся ўспамінамі, а гаварылі пра стаўленьне да Беларусі і беларускай праблемы з боку эўрапейскіх інстытуцыяў, у прыватнасьці Рады Эўропы. Мы дасягнулі паразуменьня ў тым, што не павінна быць ні паўзучага, ні раптоўнага прызнаньня лукашэнкаўскай улады, гаварылі пра некаторыя сумесныя захады. Акрамя таго абгаварылі пытаньні міжпартыйнае супрацы Саюзу айчыны – літоўскіх кансэрватараў і партыі БНФ”.

(Караткевіч: ) “Спадар Вінцук, днямі Аляксандар Лукашэнка зрабіў вельмі рэзкі выпад у бок АБСЭ, сказаўшы, што чатыры вядомыя ўмовы, выкананьне якіх неабходнае для нармалізацыі адносінаў з Захадам, гэта патрабаваньні апазыцыі і адрынуў іх. Як вы думаеце, ці будуць эўрапейскія структуры надалей настойваць на гэтых умовах?”

(Вячорка: ) “Лукашэнка ўсё ж паводзіць сябе неадэкватна, нас гэта не зьдзіўляе. Ён павінен быў бы прынамсі на словах ня бэсьціць славутыя чатыры ўмовы. Нават падчас візыту Уты Цапф ён настойваў і на зьмене мандату КНГ, і нават не зьбіраўся абяцаць выконваць чатыры ўмовы. Ута Цапф, якая як і многія іншыя нямецкія палітыкі левага кірунку, у прынцыпе, гатовая блаславіць паўзучае прызнаньне лукашэнкавага рэжыму, была страшэнна расчараваная…”

(Караткевіч: ) “Вы сказалі, што са спадаром Лансбэргісам былі дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці… На Захадзе некаторыя хацелі б перагледзець статус апазыцыі ў супарцоўніцтве з заходнімі структурамі. Як Лансбэргіс і структуры, якія ён прадстаўляе, бачаць пэрспэктывы апазыцыі ў Беларусі?”

(Вячорка: ) “Ёсьць разуменьне небясьпекі ілюзіяў, што Расея, маўляў, будзе дэмакратызоўвацца, і што будучы ў антытэрарыстычнай кааліцыі, Расея пачынае разьдзяляць неабходныя дэмакратычныя каштоўнасьці. Супольна мы можам ініцыянаваць міжнародную дыскусію, якая будзе больш адпавядаць беларускім рэаліям”.