ЛЁС МІСІІ АБСЭ Ў МЕНСКУ МОЖА БЫЦЬ ВЫРАШАНЫ ЎЖО 21 ЛЮТАГА

Алена Панкратава, Менск

Напярэдадні ў інтэрвію нямецкай прэсе Ўта Цапф выказвала сваё расчараваньне ў зьвязку з апошнім разьвіцьцём падзеяў у Беларусі. Гэта тычыцца сытуацыі з правамі чалавека, СМІ, новай кампаніі рэпрэсій супраць тых, хто не падтрымліваў прэзідэнта ў часе выбараў.

Занепакоенасьць заходніх палітыкаў выклікае і тое, што апошнім часам афіцыйны Менск дэманструе ня толькі антыамэрыканскія, але і антыэўрапейскія настроі. У ліку галоўных ворагаў апынуліся і немцы. Былы кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік названы галоўным дывэрсантам.

Акрэдытацыя ягонага пераемніка Эбэрхарда Хайкена надзвычай марудзіцца. Як лічыць Ута Цапф, падобнае стаўленьне да далейшай дзейнасьці місіі АБСЭ недапушчальнае.

(Цапф: ) “Спадар Хайкен павінен быць акрэдытаваны з тым, каб гэтая місія магла працаваць надалей у поўную сілу. Канечне, зараз гэтую працу робіць Рэвальё, аднак гэта зусім іншы статус. Я думаю, што гэта вельмі важна, калі беларусы скажуць: так, мы акрэдытуем спадара Хайкена, ён прыедзе сюды і мы зможам зь ім супрацоўнічаць. І мы будзем весьці з гэтым амбасадарам інтэнсіўны дыялёг наконт таго, што ў Беларусі робіцца ў сэнсе дэмакратызацыі. Гэта праца КНГ павінна праводзіцца ў межах мандата, гэта адназначна. І канечне, місія павінна праводзіць гэтую працу ў кантакце з адміністрацыяй. Усё павінна ісьці менавіта такім шляхам.

(Карэспандэнтка: ) "Аднак, наколькі мне вядома, вы не выключаеце іншага разьвіцьця падзеяў…"

(Цапф: ) "Не выключаю. Таму што ніхто ў Менску, а мы мелі на гэты конт размовы са спадаром Хвастовым і спадаром Латыпавым, мне не сказаў: так, мы гэта зробім. Праўда, ніхто не сказаў таксама – мы яго не акрэдытуем. Проста мы абменяліся аргумэнтамі, і я павінна сказаць, што мае суразмоўцы былі пад уражаньнем асабістых ўспамінаў адносна дзейнасьці ў Беларусі спадара Віка і ягоных дачыненьняў зь беларускім кіраўніком і прадстаўнікамі прэзыдэнцкай адміністрацыі. Аднак, я лічу, мы павінны думаць пра тое, як супрацоўнічаць разам надалей, як дапамагчы людзям у Беларусі стаць на шлях дэмакратызацыі".

Паводле Ўты Цапф ды іншых эўрапейскіх палітыкаў, спадар Хайкен ёсьць амбасадарам, які мог бы наладзіць падобныя стасункі. З аднаго боку, ён мае дачыненьне да гэтак званай палітыкі разрадкі, зь іншага боку – зарэкамендаваў сябе як надзвычай прафэсійны дыплямат у постсавецкай Украіне, якая мае падобныя з Беларусьсю праблемы. Калі Менск адмовіць у гэтай акрэдытацыі, то разьвіцьцё падзеяў можа быць складаным. Гэта тычыцца і існаваньня самой місіі АБСЭ.

(Цапф: ) "Гэта можа быць дрэнная гісторыя, паколькі я ведаю, што Эўразьвяз, РЭ, АБСЭ будуць вельмі негатыўна рэагаваць на гэта. Эўропа па сутнасьці замарозіць усё тое, што дагэтуль было напрацавана”.

(Карэспандэнтка: ) "Такім чынам, Захад пойдзе на блякаду, аднак Эўропа па-ранейшаму прызнае, што для Беларусі гэта надзвычай непрадуктыўны шлях?”

(Цапф: ) "Я думаю, што гэта будзе азначаць адсутнасьць кантактаў на палітычным узроўні. Ня можа ісьці размоваў ні пра якія супольныя праекты з Захадам, аднаўленьне эканамічных стасункаў з Эўрапейскім Зьвязам ад 1996 году: працаваць у рамкавых умовах – гэта абсалютна нецікава для інвэстараў. Аднак супрацоўніцтва зможа адбывацца на іншым роўнішчы: Эўразьвяз будзе працаваць зь няўрадавымі, гуманітарнымі арганізацыямі, з прадстаўнікамі некаторых іншых колаў. Ужо зараз існуюць такія гарызантальныя сувязі. Ішымі словамі, Эўразьвяз ня будзе татальна дыстанцыявацца ад Беларусі, аднак на узмацненьне супрацоўніцтва разьлічваць нельга".