ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ ВЕДАЎ ПРА ПЛЯНЫ МЕНСКУ НЕ ПУСЬЦІЦЬ ВІКА

Ул. інф.

Партугальскі дыплямат Луіш Кабаса, які ў адмысловай групе дзейнага старшыні АБСЭ адказвае за краіны Ўсходняе Эўропы (і ў тым ліку за Беларусь), пракамэнтаваў рашэньне афіцыйнага Менску не пусьціць у Беларусь былога кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка.

(Кабаса: ) “Я меў некаторую інфармацыю пару дзён таму, што гэта можа адбыцца. Мы атрымалі пэўную інфармацыю зь Вены ў панядзелак, што гэта чакаецца”, — заявіў афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ спадар Кабаса.

Ён таксама дадаў:

(Кабаса: ) “Беларусь ёсьць сувэрэннаю краінай, і яна можа выдаваць візы тым, каму яна вырашыць. Мы папросту троху засмучаныя, таму што ягоны тэрмін паўнамоцтваў ужо скончыўся, і наколькі я разумею, ён вяртаўся толькі дзеля завяршэньня пэўных сваіх асабістых справаў. Па-мойму, ён меў пасаду ўва ўнівэрысытэцкай радзе, і гэта насамрэч ніяк не было зьвязана зь ягонай папярэдняй дзейнасьцю ў групе АБСЭ. Але гэта справа беларускіх уладаў і спадара Віка, гэта ўжо ня ёсьць справай АБСЭ. Аднак гэта ня тое, што мы можам вітаць аплядысмэнтамі, вядома”.