КВАСЬНЕЎСКІ РАЗМАЎЛЯЎ З ПУЦІНЫМ ПРА БЕЛАРУСЬ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Аб гэтым Аляксандар Квасьнеўскі ўпершыню заявіў сёньня раніцай у інтэрвію польскаму радыё Zet. З гэтага інтэрвію вынікае, што сытуацыю ў Беларусі прэзыдэнты Пуцін і Квасьнеўскі абмеркавалі ўжо ў першыя гадзіны перамоваў.

Аднак учора й пазаўчора асобы, суправаджаючыя Аляксандра Квасьнеўскага падчас перамоваў, адмаўляліся пацьвердзіць сам факт размовы прэзыдэнтаў пра ліст ад жонак зьніклых беларускіх палітыкаў.

Сёньня падчас інтэрвію карэспандэнтка радыё Zet запытала ў Аляксандра Квасьнеўскага, якое стаўленьне да беларускай апазыцыі ў расейскага прэзыдэнта?

(Квасьнеўскі: ) “Ёсьць вялікае хваляваньне. Напэўна, Беларусь застаецца істотным партнэрам, аднак я ўсьведамляю, што Аляксандар Лукашэнка – партнэр надзвычай ня лёгкі”.

На пытаньне, ці ўсе ж лічыць Пуцін Лукашэнку дыктатарам, Аляксандар Квасьнеўскі наўпрост адказаў наступнае:

(Квасьнеўскі: ) “Не, такія словы не ўжываюцца ў палітычнай размове. Затое, напэўна, я лічу Лукашэнку калегам, зь якім ня лёгка супрацоўнічаць. Але ліст жонак беларускіх апазыцыянэраў, якія зьніклі, якія загінулі, быў перададзены і спадзяюся, што скарыстоўваючы свае магчымасьці, прэзыдэнт Пуцін высьветліць гэтае пытаньне”.

Такім чынам з адказаў прэзыдэнта Квасьнеўскага можна меркаваць, што ніякага канкрэтнага сумеснага рашэньня ў справе звароту жонак зьніклых палітыкаў кіраўнікі Расеі і Польшчы не прыймалі. Аднак, напэўна, станоўчым бокам ёсьць тое, што гэтая справа была абмеркаваная на такім высокім узроўні, як яшчэ напярэдадні абяцалі зрабіць прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы.