ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. МАСАВАСЬЦЬ САЛІГОРСКАЙ ПРАФСАЮЗНАЙ АКЦЫІ ПРАТЭСТУ

Міхал Стэльмак, Менск

Вынікі гэтай акцыі і яе ўплыў на прафсаюзнае жыцьцё Беларусі — тэма круглага стала, у якім бяруць удзел салігорская настаўніца, актывістка гарадзкога прафсаюзу адукацыі Марыя Мацюкевіч і рабочы вытворчага аб’яднаньня “Беларуськалій”, сябар Беларускага незалежнага прафсаюзу Андрэй Казановіч.

(Карэспандэнт: ) “Пачнуў з асабістага ўражаньня. Шчыра кажучы, мяне зьдзівіла масавасьць салігорскай акцыі пратэсту. Я не чакаў, што на стадыён “Будаўнік”, разьмешчаны ня ў цэнтры, а на ўскрайку Салігорску, прыйдзе 6 тысяч чалавек. Ці было для вас нечаканым зьяўленьне такой колькасьці ўдзельнікаў? І наогул: гэта вынік добрай арганізацыі акцыі?”

(Казановіч: ) “Я думаю, што гэта добра сплянаваная акцыя. І яшчэ мушу дадаць, што яна адлюстроўвае тыя праблемы, што турбуюць кожнага чалавека. Бо ад гэтага будзе залежаць іхнае становішча, іхнае жыцьцё, іхных дзяцей. Я вельмі шмат чуў ад рабочых, што патрэбна падтрымаць гэтую акцыю. Бо як не падтрымаем, то далей будзе цяжка.

Я чуў гэта ня толькі на “Белкаліі”, а й на іншых прадпрыемствах. Людзей вельмі турбуе вялікі ціск на прафсаюзы”.

(Карэспандэнт: ) “Маё пытаньне да Марыі Мацюкевіч, якая не прадстаўляе “Беларуськалій”, а адносіцца да прафсаюзу адукацыі. Наколькі мне вядома, у акцыі зьбіраліся браць удзел усе прафсаюзы Салігорску. Між тым, паводле майго назіраньня, настаўнікаў там было няшмат. Зрэшты, як і рабочых іншых прадпрыемстваў.

У прыватнасьці, у Салігорску ёсьць дзьве жаночыя фабрыкі: “Калінка” і “Купалінка”. Маё пытаньне: чаму прафсаюзы іншых прадпрыемстваў ня здолелі прыцягнуць да ўдзелу ў мітынгу сваіх сяброў?”

(Мацюкевіч: ) “Мне сумна канстатаваць гэты факт. Магчыма, была праведзеная праца прафсаюзнымі актывістамі не на належным узроўні. Хаця старшыня гарадзкога прафсаюзу адукацыі Мікалай Аляксандравіч Талпека казаў, што неаднаразова сустракаўся з прафсаюзнымі лідэрамі, і яны пра гэта ведалі, і яны павінны былі паведаміць у сваіх установах.

Што тычыцца жанчын “Калінкі” і “Купалінкі”, то я думаю, што, магчыма, жанчыны ня выйшлі ад страху? І настаўнікі жывуць у страху. Магчыма, яны ня выйшлі ад страху страціць працу, якая ёсьць, бо жанчыны працуюць няпоўны тыдзень, маюць мізэрныя заробкі, яны проста баяцца”.

(Казановіч: ) “Калі ўлады забяруць пад сябе прафсаюз, то яны будуць зьняважліва ставіцца да рабочых. Яны будуць ігнараваць прафсаюзных лідэраў. Я думаю, што гэтыя пастановы сплянаваныя, бо без здаровых прафсаюзаў, яны будуць панаваць ува ўсёй прамысловасьці Беларусі”.

(Мацюкевіч: ) “Як могуць парушацца нашы правы? Напрыклад, я, ад’яжджаючы на адпачынак у Туапсэ, напісала заяву ў першай дэкадзе сьнежня з просьбай, каб складкі прафсаюзныя з майго заробку ўтрымлівалі праз бугальтэрыю. Не прайшло і месяца, я прыяжджаю і даведваюся, што выйшла такая пастанова, якая ігнаруе маю заяву. Як жа такое можа быць?”

(Карэспандэнт: ) “На мітынгу, адным з выступоўцаў быў і новы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Франц Вітко. Так сталася, што літаральна паўгода таму якраз у Салігорску (я таксама быў тут) на стадыёне “Будаўнік” выступаў ягоны папярэднік Уладзімер Ганчарык. Экс-кандыдат у прэзыдэнты шмат гаварыў пра сацыяльна-эканамічную абарону працоўных.

Дык вось спадар Вітко сказаў, што зараз Фэдэрацыя прафсаюзаў адмовілася ад палітыкі й палітыканства папярэдняга кіраўніцтва. Я бачыў, што многія салігорцы вельмі крытычна паставіліся да такой заявы Франца Вітко. Вы маглі б неяк пракамэнтаваць гэты момант і наогул сваё разуменьне сутнасьці прафсаюзнай дзейнасьці?”

(Мацюкевіч: ) “Рэч у тым, што калі абарона правоў чалавека гэта палітыка, то значыцца прафсаюзы займаюцца палітыкай. Калі прыяжджаў Ганчарык, як кандыдат у прэзыдэнты, ён шмат гаварыў пра тое, што непакоіла людзей. І, вядома, у першую чаргу, пра пытаньні сацыяльнай абароны насельніцтва. З Вітко я не знаёмая, магчыма гэта было крышачку непрадумана было, а можа гэта была нейкая тактыка, каб дамагчыся нечага ад Навіцкага і яго кабінэту. Магчыма, таму ён так сказаў. Аднак абарона правоў прафсаюзаў павінна быць і цяпер”.

(Карэспандэнт: ) “Хацелася, каб вы пракамэнтавалі рэзалюцыю мітынгу. Ці змогуць яе рэалізаваць самі прафсаюзы?”

(Казановіч: ) “Ад гэтай рэзалюцыі будзе залежаць шмат чаго. У рэзалюцыі было пра 5-хвілінны страйк 1 лютага і гэты 5-хвілінны страйк адбудзецца, калі ня будуць выкананыя патрабаваньні ўдзельнікаў мітынгу і якое будзе накіраванае на адрас прэзыдэнта і ўраду”.

(Карэспандэнт: ) “Ваша думка, спадарыня Мацюкевіч”.

(Мацюкевіч: ) “Тое, што было абвешчана пра 5-хвілінны страйк, а пры неабходнасьці і ўвогуле пра страйкі па ўсёй краіне, то калі гэтую рэзалюцыю жыхароў Салігорску падтрымаюць ва ўсёй рэспубліцы. То вядома ж, ёсьць над чым задумацца ўраду і Аляксандру Лукашэнку. Бо калі пачнецца масавы рух, то ніякімі прадстаўнікамі АМОНУ, які прыслалі зь Менску, задушыць гэты рух будзе нельга”.