НЕЗАЛЕЖНЫЯ ЭКСПЭРТЫ КРЫТЫКУЮЦЬ ЗАКОНАПРАЕКТ АБ ВЫБАРАХ У “САЮЗНЫ ПАРЛЯМЭНТ”

Уладзімер Глод, Менск

Выбары ў “саюзны парлямэнт” кожная зь дзяржаваў мяркуе праводзіць паводле ўласнага закону. Беларускі варыянт ужо паступіў з адміністрацыі прэзыдэнта ў “палату прадстаўнікоў”. Ён цалкам грунтуецца на прававых нормах беларускага Выбарчага кодэксу. З расейскага заканадаўства сюды трапіла толькі адно палажэньне. Але, як сьведчыць старшыня групы экспэртаў Кансультацыйнай рады Міхаіл Пліска, яно надзвычай важнае.

(Пліска: ) “Гэта тое, што выбары ў “саюзны парлямэнт” будуць адбывацца паводле мажарытарнай сыстэмы не абсалютнай, а адноснай большасьці, гэта значыць, у адзін тур. Той, хто набраў большасьць галасоў у першым туры, і будзе лічыцца дэпутатам. Яна не спрыяе ўзмацненьню партыяў, не спрыяе заключэньню нейкіх блёкаў. І яна ў недэмакратычнай краіне дае больш магчымасьцей тым кандыдатам, якія маюць у сваім распараджэньні адміністрацыйны рэсурс”.

Беларускі варыянт дапускае магчымасьць мець у выбарчай акрузе аднаго кандыдата ў дэпутаты, у той час як расейскае заканадаўства безальтэрнатыўныя выбары не дазваляе. Беларускі праект дае права вылучэньня кандыдатаў працоўным калектывам. У расейскім заканапраекце такой нормы няма. Затое расейцы дазваляюць вылучаць кандыдатаў выбарчым аб’яднаньням і выбарчым блёкам, што не дазваляецца ў Беларусі.

Кіраўнік групы экспэртаў зьвяртае асаблівую увагу на розьніцу ў правах назіральнікаў.

(Пліска: ) “Кідаецца ў вочы тое, што расейскі праект закону значна больш дэмакратычны. Ён адрозьніваецца парадкам фармаваньня выбарчых камісіяў, па-першае. Па-другое, назіральнікам і асобам, якія маюць той жа статус, што й назіральнікі, дадзеныя значна большыя магчымасьці назіраць за выбарчым працэсам. У іх такія паўнамоцтвы, якія сапраўды робяць выбарчы працэс празрыстым, і калі назіральнікі будуць сумленна выконваць сваю працу, дык сфальсыфікаваць вынікі выбараў амаль немагчыма”.