ПРАФСАЮЗЫ ЛАДЗЯЦЬ ЗАЎТРА Ў САЛІГОРСКУ МІТЫНГ ПРАТЭСТУ

Міхал Стэльмак, Менск

Мітынг пратэсту ў Салігорску рыхтуюць усе мясцовыя прафсаюзы. Вось што паведаміў нашаму радыё каардынатар салігорскіх прафсаюзаў, што ўваходзяць у Фэдэрацыю, Сяргей Кацяк:

(Кацяк: ) “Заўтра ў 15.30 мы будзем сустракацца. Аб’яднаньне “Беларуськалій”, трэст “Салігорскпрамбуд”, “Шахтаспэцбуд”, завод “Унівэрсал”, “Аграпрам”, хто мае ў горадзе арганізацыі, фабрыка “Калінка”, фабрыка “Купалінка”, будуць мэдыкі й настаўнікі”.

(Карэспандэнт: ) “Як адбываецца падрыхтоўка да мітынга?”

(Кацяк: ) “Робіцца ўсё, каб ён адбыўся. Заплянавалі да 10 тысяч чалавек, а колькі прыйдзе, будзем бачыць. Учора ўсе старшыні прафкамаў былі выкліканыя да дырэктараў, і тыя прасілі, каб адклікалі подпісы. Вось як тут ставяцца”, — зазначыў Сяргей Кацяк.

Самае галоўнае пытаньне зараз для арганізатараў салігорскага мітынгу — ці знойдуць прафсаюзы падтрымку сярод шахцёраў? Вось што зазначыў на гэты конт лідэр 19-тысячнага прафсаюзу хімікаў “Беларуськалію” Леанід Зайцаў:

(Зайцаў: ) “Прадстаўнікі адміністрацыі гавораць, каб мы вырашалі пытаньне на ўзроўні Фэдэрацыі й Савету Міністраў. У тым, што сябры нашай арганізацыі падтрымаюць нас, мы не сумняваемся. Засталося толькі дачакацца заўтрашняга дня. Гутаркі з рабочымі сьведчаць, што яны салідарныя з намі й падтрымліваюць нас. Мітынг — гэта першы крок, а далей будзем шукаць іншыя шляхі ўзьдзеяньня на дзяржаўныя органы кіраваньня і наймальніка”.

Вялікую ўвагу салігорскай акцыі пратэсту надаюць прафсаюзы іншых рэгіёнаў Беларусі, лідэры галіновых прафсаюзаў і кіраўніцтва Фэдэрацыі. Рэч у тым, што пакуль што ўлады ніяк не адрэагавалі на адстаўку Ўладзімера Ганчарыка.

Старшыня ўраду Генадзь Навіцкі ігнаруе ініцыятыву перамоваў з новым старшынём Фэдэрацыі Францам Вітком. Між тым, паводле прафсаюзных крыніцаў, большасьць прафлідэраў усё яшчэ спадзяецца, што ўлады адменяць пастанову. Іншыя лічаць, што за адмену давядзецца змагацца. Якія дзеяньні ў абарону сваіх правоў плянуюць прафсаюзы?

Вось што на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведаміў сёньня на гэты конт лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “Калі гэта ня будзе атрымлівацца, тады, натуральна, будзе стаяць пытаньне аб актыўных акцыях пратэсту. Гэта будзе кансалідаваць непрымірымую частку прафсаюзнага асяродзьдзя, якая лічыць, што з гэтым палітычным рэжымам нельга дамаўляцца, а варта змагацца. Зараз вось шахцёры пачынаюць, мы туды паедзем іх падтрымаць. Наступным можа быць Менск, наступныя гарады, будуць пікеты, мітынгі”.