“БЕЛАРУСЫ, ЯК І РАСЕЙЦЫ, БУДУЦЬ ЛАДЗІЦЬ ЗАСТОЛЬЛІ ДА 14 СТУДЗЕНЯ…”

Алена Панкратава, Менск

Як сьцьвярджае аўтар артыкула “Дзед Мароз рэабілітаваны” ў нямецкай “Мaerkische Zeitung”, у Беларусі шануюць усе рэлігійныя сьвяты. Зараз тут – час доўгіх калядна-навагодніх каталіцка-праваслаўных сьвяткаваньняў. На практыцы гэта азначае, што беларусы выкарыстоўваюць любую падставу для таго, каб сабраць вялікі стол і пасядзець зь сябрамі ці знаёмымі. На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў, незалежна ад палітычнай сытуацыі ў краіне, застольле зь невялікімі перапынкамі працягваецца як мінімум тры тыдні.

Увесь гэты час, прыкладна з 24-га сьнежня да 14 студзеня, на вуліцах гарадоў і ва ўстановах можна таксама ўбачыць прыкметы сьвятаў: ліхтарыкі, зорачкі, упрыгожаныя елкі, а таксама галоўныя атрыбуты — мужчыну ў чырвонай вопратцы зь белай барадой і дзяўчынку-прыгажуню ў белым, нібыта са сьнегу, адзеньні. Гэтыя пэрсанажы, па сутнасьці, адсунулі на другі плян сапраўдны хрысьціянскі сымбаль Калядаў альбо Раства — малога Хрыста.

Аднак менавіта Дзеда Мароза й Сьнягурку шануюць у Беларусі як ніякіх іншых казачных герояў: яны традыцыйна адорваюць беларускіх дзяцей падарункамі — у хатах, школах, дзіцячых садках, на гэтак званых публічных елках.

Традыцыя, праўда, была спыненая ў 1929-м годзе, калі Сталін забараніў падобныя сьвяткаваньні. Аднак праз шэсьць гадоў, у 1935-м, і Дзед Мароз, і Сьнягурка былі рэабілітаваныя ў мэтах выхаваньня савецкіх грамадзянаў на прыкладах айчыннага патрыятызму. Так што елкі пачалі зноў упрыгожваць у масавым парадку, — піша “Мaerkische Zeitung”.

Дзед Мароз са Сьнягуркай, а зусім не немаўля-Хрыстос сталі для многіх пакаленьняў беларусаў чымсьці накшталт агульнай рэлігіі й сымбаля веры.

“Зь дзесяці мільёнаў беларусаў знойдзеш хіба што некалькі тысяч інтэлектуальна незалежных і грамадзкі актыўных, — сказала ў інтэрвію з журналістам аўстрыйскай газэты “Standart” Натальля Макушына. — Мы павінны даць магчымасьць гэтым людзям адкрыта выказваць свае думкі”.

Натальля — рэдактарка выданьня “Новы век”. Гарадзенскі часопіс “Новы век” меў вельмі кароткае жыцьцё: ён выйшаў усяго тры разы, хаця ягонае кола чытачоў было дастаткова шырокае.

Дарэчы, — піша аўстрыйская “Standart”, да Другой сусьветнай вайны палову насельніцтва Горадні складалі габрэі. Цяпер іх у горадзе меней за 90 чалавек. Дзясяткі тысяч зьехалі з Горадні за апошнія дзесяцігодзьдзі, большая частка — пасьля першай перамогі на выбарах Аляксандра Лукашэнкі. Летась у верасьні аўтакрат стаў прэзыдэнтам зноў.

Паводле аўтара артыкула “Інтэлектуалы супраць апошняга дыктатара Эўропы”, краіна паводле сваіх палітычных прыхільнасьцяў па сутнасьці падзеленая. Палова — за Лукашэнку, палова — за апазыцыю. Лягер Лукашэнкі значна больш арганізаваны. Лукашэнка выйграе дзякуючы таму страху пераменаў, які ўласьцівы прадстаўнікам старэйшага пакаленьня.

Праект “Новы век” разьлічаны на новыя пакаленьні. Як піша аўстрыйская газэта, у выданьне “Новы век” былі ўкладзеныя сродкі Натальлі Макушынай і ейных сяброў, часопіс друкаваўся ў Польшчы і фактычна не каштаваў дзяржаве нічога. Аднак суд закрыў рахунак выданьня напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Палітычны ціск на іншадумства крануў у Горадні ня толькі “Новы век”, — піша аўстрыйская “Standart”. Газэце “Пагоня” прыйшлося яшчэ цяжэй. Выданьне абвінавацілі ў паклёпе на прэзыдэнта, яе спэцыяльны наклад быў канфіскаваны і зьнішчаны, галоўны рэдактар затрыманы міліцыянтамі.

Журналісты “Новага веку”, аднак “не здаюць сваіх пазыцыяў: кожны тыдзень сумесна зь недзяржаўнай газэтай “Біржа інфармацыі” яны робяць Інтэрнэт-вэрсію выданьня. Па-сутнасьці, гэта альтэрнатыва афіцыйнай “Гродненской правде”. Каманда “Новага веку” разьлічвае працаваць доўга. Гэта тып тых новых мэдыяў у Беларусі, якія не зьбіраюцца палітычна выхоўваць сваіх чытачоў. Яны хочуць даць ім магчымасьць выказваць гэтыя думкі уголас”, —піша аўстрыйская “Standart”.