ЛЮДЗІ Ў КУРАПАТАХ НАДАЛЕЙ СТАВЯЦЬ СЬВЕЧКІ ПА ЗАГІБЛЫХ СВАЯКАХ

Ганна Соусь, Менск

Нягледзячы на марознае надвор'е, варта ў Курапатах працягваецца. Раніцай у лягеры былі чацьвёра валанцёраў. Адзін зь іх, Сяржук Мацкойць, распавядае, што мінулай ноччу за лягерам нехта назіраў.

(Мацкойць: ) "Праехаў сіні "Джып" без нумарных знакаў, але ж з мігалкай. Першы раз асьвяціў лягер фарамі, пастаяў хвілінку ды зьехаў. Другі раз праехаў паўз лягер, і стаў на дарозе далей. А так ноч прайшла ціха, спакойна. У намёце было цёпла, не скардзімся, хаця й завіруха была".

(Карэспандэнтка: ) "Цяпер людзям вельмі складана дабірацца ў Курапаты..."

(Мацкойць: ) "Так, цяжкасьці ёсьць, але ў каго ёсьць намер прыйсьці сюды, дабяруцца".

Мяркуе Сяржук Мацкойць. І як сьведчаньне ягоных словаў, літаральна праз некалькі хвілінаў у вайсковы намёт заходзіць Сяргей Качаноўскі разам са сваім сынам Георгіем. Спадар Сяргей прыйшоў паставіць сьвечку – у памяць пра свайго дзеда, якога расстралялі 3 студзеня 1937 году.

(Качаноўскі: ) "Калі ў 1994 годзе мы з бацькам зьвярталіся ў архівы КГБ, каб даведацца, у якім месцы пахаваны мой дзед Аляксей Міхайлавіч Качаноўскі, нам паведамілі, што ёсьць толькі зьвесткі пра тое, што ён расстраляны ў Менску, можа, ў парку Чалюскінцаў, але хутчэй за ўсё – у Курапатах. Мы з сынам ходзім сюды 3 студзеня кожнага году".

Сяргей Качаноўскі прынес сьвечкі. Увечары валанцёры запаляць іх пад крыжамі, ушаноўваючы памяць Аляксея Качаноўскага. Сёньня ў лягеры валанцёраў быў Юры Фабішэўскі, студэнт менскай медычнай вучэльні. За абарону Курапатаў яго пакаралі штрафам памерам 200 тысячаў беларускіх рублёў.

(Фабішэўскі: ) "Хутчэй за ўсё будуць вылічваць са стыпэндіі – па дзьве з паловай тысячы, 20 адсоткаў".

(Карэспандэнтка: ) "А якая стыпэндыя ў Вас?"

(Фабішэўскі: ) "12 тысячаў".

(Карэспандэнтка: ) "Колькі гадоў Вам давядзецца яе выплочваць?"

(Фабішэўскі: ) "Я ўжо вучобу скончу і хутчэй за ўсё пачну працаваць, пакуль выплачу гэты штраф".

Мяркуе Юры Фабішэўскі.

Апошнім часам ў абаронцаў Курапатаў ізноў ўзьніклі праблемы з палівам. Распавядае валанцёр Васіль Парфёнаў.

(Парфёнаў: ) "Даволі многа сьнегу – цяжка ў лес зайсьці, прынесьці дроў. Як-небудзь пратопім, ня зьмерзнем".

(Карэспандэнтка: ) "Колькі ў вас засталося дроў?"

(Парфёнаў: ) "На палову дня, каб нармальна пратапіць буржуйку. Тут добрыя людзі абяцаліся даць дваццаць мяшкоў вуглю...".

Заўтра ля Курапатаў павінны аднавіцца будаўнічыя работы.