БЕЛАРУСЫ ХОЧУЦЬ, КАБ НАСТУПНЫ ГОД ПРЫНЕС ІМ БОЛЬШ ДЭМАКРАТЫІ Й СВАБОДЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня я задаваў пытаньні мінакам побач з Цэнтральным пляцам, дзе ў гэты час праходзіў навагодні канцэрт. Нягледзячы на перадсьвяточны настрой, адказы людзей былі даволі сур'ёзныя. На маё пытаньне адказвае малады мужчына з дачкой:

(Карэспандэнт: ) “Якія важныя падзеі адбыліся ў жыцьці Беларусі і ў вашым асабістым жыцьці?”

(Спадар: ) “Многа падзеяў, але што самае галоўнае? Дачка, можа ты ведаеш?”

(Дзяўчынка: ) “Ёлка!”

(Спадар: ) “Самае галоўнае, каб прыбыткі народу расьлі. Незалежнасьць краіны — гэта самае галоўнае”.

А вось меркаваньні маладой сямейнай пары:

(Спадарыня: ) “У нашым асабістым жыцьці галоўным было вясельле 30 сьнежня мінулага году. А ў жыцьці Беларусі — выбары, якія былі вельмі няўдалымі. У наступным годзе я б пажадала Беларусі іншага прэзыдэнта, а сабе — нават і ня ведаю”.

(Спадар: ) “Добрай працы”.

Жанчына сярэдніх гадоў, якая разам зь сяброўкай некуды сьпяшалася, жадае, каб у Беларусі было больш дэмакратыі:

(Спадарыня: ) “У асабістым жыцьці ніякіх значных падзеяў не было, а ў грамадзтве былі прэзыдэнцкія выбары”.

(Карэспандэнт: ) “І як вы ацэньваеце гэтыя выбары?”

(Спадарыня: ) “Нават і ня ведаю, вымушаная згаджацца з тым, што ёсьць. Жадаю, каб у наступным годзе было больш дэмакратычных пераўтварэньняў”.

Гэтыя людзі рознага веку й заняткаў таксама хочуць, каб Беларусь была свабоднай і незалежнай:

(Спадар: ) “У жыцьці Беларусі галоўнае — відаць, правал апазыцыі на выбарах. А ў маім асабістым жыцьці — усё, што з гэтым зьвязана. Адсутнасьць будучыні, незалежнасьці дзяржавы. Хацеў бы пажадаць сабе й Беларусі ў наступным годзе — свабоды”.

(Іншы спадар: ) “Дрэнная падзея — прэзыдэнта абралі. Хацеў бы пажадаць усім беларусам здароўя, посьпехаў і, як гаворыцца, праяўляць тое, што завецца “Я беларус”. Каб быў зрух у бок патрыятызму. Гэта самае галоўнае, а астатняе прыдасца”.

(Дзяўчына: ) “Галоўная падзея майго жыцьця сёлета — паступленьне ва ўнівэрсытэт, а для Беларусі — відаць, выбары. Зь ня вельмі ўдалым выбарам. Сабе я б пажадала скончыць унівэрсытэт, а Беларусі эканамічнага ўздыму”.

А вось што гавораць пра вынікі году маладыя жанчыны:

(Жанчына: ) “Выбары, што адбыліся, — пэўна, самае галоўнае. Аднак жыць хочацца добра цяпер”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вашым асабістым жыцьці было нешта значнае ў гэтым годзе?”

(Жанчына: ) “Вось у Надзеі было”.

(Надзея: ) “Так, месца працы памяняла, вельмі задаволеная. Усім жадаю толькі шчасьця і здароўя. Мне хочацца, каб усе людзі на зямлі былі шчасьлівыя, а дзеці здаровыя. І каб быў мір. Бо з усімі гэтымі падзеямі, што адбываюцца ў сьвеце, становіцца неяк неспакойна й страшна”.

Гэты год быў вельмі цяжкі для беларускіх пэнсіянэраў, ім слова:

(Сталы спадар: ) “Нічога добрага не было. Жыцьцё ўсё даражэе й даражэе, а пэнсіі не павялічваюцца. Ня ведаю, якая была важная падзея. Прэзыдэнтаў гэтых абіраюць, а нічога добрага рабочым, пэнсіянэрам яны не даюць. Толькі сабе робяць прывілеі”.

(Спадарыня: ) “Самая галоўная падзея — выбары прэзыдэнта. А мне ў асабістым жыцьці было цяжка, сёлета ў мяне памёр 9-гадовы ўнук. Для нашай сям’і гэты год прайшоў кепска… Зьмянілася няшмат, жыцьцё падаражэла, а зарплата й пэнсія маленькія. І жыць так народу цяжка”.

Аднак нягледзячы на ўсе цяжкасьці людзі спадзяюцца, што Новы год будзе лепшым за мінулы.