МЗС ЛІЧЫЦЬ, ШТО ПРАБЛЕМА БЕЛАРУСКІХ УЦЕКАЧОЎ У ПОЛЬШЧЫ ГЭТА НАДУМАНАЯ ТЭМА

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Мы ўжо распавядалі, што напярэдадні Беластоцкі акруговы суд афіцыйна зарэгістраваў грамадзскую арганізацыю - “Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы”. Зараз стала вядомая афіцыйная пазыцыя ў гэтай справе беларускага Міністэрства замежных справаў.

Паводле прэсавага сакратара Міністэрства замежных справаў Беларусі Паўла Латушкі, афіцыйнае стаўленьне беларускага зьнешнепалітычнага ведамства да рэгістрацыі ў Польшчы Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў, наступнае:

(Латушка: ) "З пункту гледжаньня зьнешнепалітычных ацэнак, беларускія палітычныя ўцекачы ў Беластоку – гэта надуманая тэма, якую МЗС Беларусі ўжо камэнтаваў. Усе астатніяпытаньні неабходна адрэсаваць Беластоцкаму суду".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, спадар Латушка, а ці рыхтуюцца якія-небудзь афіцыйныя заявы беларускага МЗС да польскіх уладаў у гэтай справе?"

(Латушка: ) "На дадзены момант мы вывучаем сітуацыю, зьвязаную з рэгістрацыяй згаданай арганізацыі і пасьля вывучэньня будуць прымацца рашэньні".