СТАТКЕВІЧА ЗНОЎ АБРАЛІ НА СТАРШЫНЮ НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Зьезд "Народнай грамады" праходзіў у халоднай залі менскага Палацу мастацтваў. Нягледзячы на нязручныя ўмовы працы, на партыйны форум прыехаў 201 дэлегат з розных рэгіёнаў Беларусі.

Напачатку старшыня партыі Мікола Статкевіч паведаміў, што ўлады адмаўляліся даваць памяшканьне для зьезду, і толькі пасьля доўгіх перамоваў кіраўніцтва Палацу мастацтваў пагадзілася даць сацыял-дэмакратам залю, ды й тое пры ўмове, што яны ня будуць выкарыстоўваць беларускую нацыянальную сымболіку. Нягледзячы на гэта, дэлегаты прагаласавалі за тое, каб у залю ўнесьлі два бел-чырвона-белыя сьцягі.

На зьезьдзе прысутнічалі прадстаўнікі сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных партыяў Нямеччыны, Літвы, Украіны й Расеі, а таксама госьці зь іншых беларускіх партыяў, ды экс-прэтэндэнт на прэзыдэнта Міхаіл Марыніч.

Паводле Мікалая Статкевіча, на правядзеньні гэтага нечарговага справаздачна-выбарчага зьезду настойвалі апазыцыянэры з фракцыі Аляксея Караля. Аднак тыднем раней яны правялі ўстаноўчы зьезд новай партыі, і таму сёньня на зьезд не прыйшлі. Мікола Статкевіч сьцьвярджае, што нядаўні партыйны раскол ніяк не паўплываў на дзейнасьць "Народнай грамады" як у Беларусі, так і на міжнароднай арэне.

Мікола Статкевіч так вызначыў стратэгію партыі на будучыню:

(Статкевіч: ) "Мы выкарыстоўваем любыя формы барацьбы, але да ўлады мы прыходзім парлямэнцкім шляхам і ўдзельнічаем у любых выбарах. Мы працуем на сацыяльныя лёзунгі, на сацыяльныя матывы, на сацыяльную апазыцыю. Мы імкнемся знайсьці кантакт з элітамі й выкарыстаць міжнароднае становішча, якое зьмянілася пасьля падзеяў 11 верасьня ў Нью-Ёрку. Выкарыстаць яго на карысьць беларускай дэмакратыі. Той, хто працуе й змагаецца, — да таго цягнуцца людзі".

Тым ня менш, ёсьць праблемы з удзелам "Народнай грамады" ў любых выбарах, у тым ліку і ў "саюзны парлямэнт", калі такія адбудуцца. Спадар Статкевіч ды іншыя ягоныя паплечнікі гавораць, што й там трэба камусьці адстойваць незалежнасьць Беларусі.

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі "Народнай грамады" Анатоль Ляўковіч, ды іншыя дэлегаты казалі, што ўдзел у гэтай выбарчай кампаніі ёсьць магчымасьцю данесьці да выбарцаў каштоўнасьці сувэрэнітэту Беларусі. Аднак было нямала дэлегатаў, якія выступалі супраць удзелу ў такіх выбарах. Гаворыць старшыня Пінскай арганізацыі "Народнай грамады" Віктар Ярашук:

(Ярашук: ) "Ведаеце, наогул нельга казаць пра гэта. Мы ня ведаем, што гэта будзе за парлямэнт, якія ў яго будуць паўнамоцтвы. А па-другое, я лічу, што удзел у выбарах у "саюзны парлямэнт" — гэта здрада Беларусі".

Канчатковае рашэньне ў справе ўдзелу ці няўдзелу ў саюзных выбарах будзе прымаць ЦК "Народнай грамады".

Дэлегаты зьезду таксама прынялі рэзалюцыю ў падтрымку рэпрэсаваных уладамі сяброў партыі, а таксама аб выніках выбараў і прынцыпах дзейнасьці "Народнай грамады". Былі ўнесеныя некаторыя зьмены ў статут, якія павінны дапамагчы лепшаму выкананьню партыйных рашэньняў. Зьезд прыняў у шэрагі "Народнай грамады" некалькіх былых актывістаў БСДГ, якія пакінулі партыю Станіслава Шушкевіча. На старшыню "Народнай грамады" чарговы раз абралі Мікалая Статкевіча.