БЫЛЫ НАЧАЛЬНІК БЕЛАРУСКАЙ ЧЫГУНКІ АБВІНАВАЧАНЫ Ў ЦЯЖКІХ ЗЛАЧЫНСТВАХ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Гэта ўсё цяжкія злачынствы, адносна якіх, згодна з законам, не патрэбная згода Савету Рэспублікі на прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці", — гэтак дзеяньні сьледчых пракуратуры патлумачыў Радыё Свабода прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў.

Між тым, Віктар Рахманько зьяўляецца дэпутатам Савету Рэспублікі Лукашэнкавага парлямэнту, і згоды "палаты" на прыцягненьне Рахманька да адказнасьці дагэтуль няма.

Нагадаю, Віктар Рахманько быў зьняты з пасады амаль два тыдні таму ўказам Аляксандра Лукашэнкі паводле падазрэньняў у злачынствах. На мінулым тыдні яго затрымлівала міліцыя ў Ваўкавыску, куды Рахманько паехаў, парушыўшы падпіску аб нявыезьдзе зь Менску. Пасьля гэтага Рахманько быў дома ў Менску, але дзе ён цяпер, невядома. Ня выключана, што яго ўжо арыштавалі, але прэсавы сакратар пракуратуры Таранаў адмовіўся гэта пацьвердзіць альбо абвергнуць.