ГІСТОРЫКІ ЛІЧАЦЬ СЛУЦКІ ЗБРОЙНЫ ЧЫН АДНОЙ З САМЫХ ЯСКРАВЫХ ПАДЗЕЯЎ У ГІСТОРЫІ ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ БЕЛАРУСІ

Ігар Карней, Менск

Адна з дасьледчыкаў Слуцкага ўзброенага паўстаньня, гісторык, аўтарка дакумэнтальнай кнігі "Беларусь мяцежная" Ніна Стужынская адказвае на пытаньні Свабоды

Многія гісторыкі, аналізуючы Слуцкае паўстаньне 1920 году, найперш гавораць пра наступную адметнасьць: гэта была не проста абураная сацыяльным уціскам выпадковая група людзей, узброеная віламі ды каламі, а добра навучаная 10-тысячная армія, якой кіравалі дасьведчаныя афіцэры. Гісторык Ніна Стужынская таксама падзяляе гэты пункт гледжаньня. А якую ролю яна надае Слуцкаму паўстаньню ў гісторыі вызвольнага руху Беларусі ХХ стагодзьдзя?

(Стужынская:) "Я лічу, што гэта адна з самых яскравых палітычных падзеяў, у нейчым апагей завяршэньня папярэдняга перыяду разьвіцьця краіны — культурніцкага, баявога, палітычнага. Адзін з яскравых прыкладаў змаганьня беларусаў за свой дом, за дзяржаўную Беларусь."
(Кар.:) "Як скончылі кіраўнікі паўстаньня? Гэта пераважна трагічны лёс?"

(Стужынская:) "Так, адзінкі толькі выжылі. У асноўным людзі скончылі шлях у ГУЛАГу, ператварыліся ў лягерны пыл. Хтосьці склаў галаву падчас баявых падзеяў, а хто патрапіў потым у Сібір, на расейскую Поўнач, дзе склаў галаву праз 5-10, 15 гадоў."
(Кар.:) "Ці можна зрабіць выснову, што кіраўніцтва, асабовы склад збройнага чыну стаў найперш ахвярай закулісных перамоваў Польшчы і Расеі?"

(Стужынская:) "Гэта слушна. Найперш сама слуцкая падзея — гэта своеасаблівая дэманстрцыя дзеля эўрапейскай супольнасьці. Гэта быў зварот да Лігі Нацыяў: прызнаць Беларусь як незалежную дзяржаву. На жаль, Эўропа, як і зараз, павольна вырашае беларускае пытаньне, альбо ўвогуле не зьвяртае на яго ўвагі. Польшча ж тады задаволілася Рыскім мірам, папярэднімі перамовамі, таму яна пачала весьці сваю гульню, ахвяраваць і саступаць расейскаму боку."
(Кар.:) "Такім чынам, незалежная Беларусь на той палітычнай сцэне не была патрэбна ні Польшчы, ні Расеі, ні астатнім?"

(Стужынская:) "Абсалютна так. Я хачу сказаць, што слуцкія паўстанцы, якія працягвалі барацьбу і потым апынуліся за мяжой, на польскай тэрыторыі, знаходзіліся пад пільнай увагай польскіх уладаў. Таксама як сачылі за случакамі ўжо на гэтай тэрыторыі спецслужбы савецкія."

І хоць лёс бальшыні ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну аказаўся трагічным, спадарыня Стужынская лічыць, што досьвед першых змагароў за беларускую незалежнасьць варты заўсёднай пашаны.