УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: ТОЛЬКІ Ў БІРМЕ І КАЛЮМБІІ Ў АДНОСІНАХ ДА ПРАФСАЮЗАЎ ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ БОЛЬШ ЖОРСТКА

Вольга Караткевіч, Прага

(Ганчарык: ) “Гэта было паседжаньне, спэцыяльнае паседжаньне, на якім абмяркоўвалася пытаньне становішча прафсаюзаў”.

(Караткевіч: ) “Раскажыце, калі ласка, пра зьмест Вашага выступу”.

(Ганчарык: ) “Ацэнка нашая сытуацыі вядомая, гэта былі несвабодныя выбары, фальсыфікаваныя выбары. Гэта адбілася на выніках выбараў. Была выснова такая, што ў грамадзтве нейкая апатыя. Людзі не разумеюць, чаму так адбылося. Улады гавораць толькі аб адным, што будзе нейкая лібэралізацыя, нейкая дэмакратызацыя, але ніякіх рашэньняў не прынята, каля трох месяцаў прайшло. А што датычыць прафсаюзаў, то ўлады і прэзыдэнт чакаюць, калі адбудзецца пленум, гэта будзе ў сьнежні. Адна частка (гэта невялікая частка прафсаюзнага актыву, якая падтрымлівае ўладу) хацела б усё зьвесьці да таго, зьвесьці абмеркаваньне пытаньня толькі вакол старшыні”.

(Караткевіч: ) “Спадар Ганчарык, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі не зьяўляецца сябрам Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў. Ці абмяркоўвалася магчымасьць далучэньня да гэтай міжнароднай арганізацыі?”

(Ганчарык: ) “Так, пытаньне амаль вырашанае, цалкам будзе вырашана на пачатку будучага году”.

(Караткевіч: ) “Ці не маглі б Вы крыху расказаць пра праграму гэтага паседжаньня?”

(Ганчарык: ) “Абмеркаваньне пытаньня наагул пра парушэньне правоў прафсаюзаў – адбываецца ўціск з боку ўладаў, але абмяркоўваліся і некалькі праграмаў дапамогі прафсаюзам, тым больш што ўдзельнічалі і прадстаўнікі Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Трэба дапамагчы ў двух напрамках: у вучобе прафсаюзных актывістаў з моладзі, інфармаваньне насельніцтва і матэрыяльныя пытаньні гэтай справы”.

(Караткевіч: ) “Ці можна параўнаць сытуацыю з прафсаюзамі ў Беларусі і іншых краінах?”

(Ганчарык: ) “Гэта прыкладна Бірма, Калюмбія, там, дзе яшчэ больш жорстка дзейнічаюць у адносінах да прафсаюзаў. Калі іх ня толькі ў турмы кідаюць, але гэтыя актывісты зьнікаюць”.

(Караткевіч: ) “І пытаньне больш прыватнага зьместу: пасьля ўдзелу у прэзыдэнцкай кампаніі, пасьля фальсыфікацыі выбараў, пасьля звароту Аляксандра Лукашэнкі да прафсаюзных актывістаў зьмяніць кіраўнітцва – вашыя адчуваньні і вашыя пляны?”

(Ганчарык: ) “Мае пляны гэта – каб (і я зраблю ўсё магчымае для гэтага) прафсаюзы засталіся на той пазыцыі, на якой яны ёсьць, каб яны ня трапілі пад кіраўінцтва ўлады. Прафсаюзы павінныя станавіцца ўсё больш незалежнымі”.