МІКОЛА МАРКЕВІЧ : "МЫ НЯ МОЖАМ БЫЦЬ РАБАМІ, ЯКІМ БЕСПАКАРАНА ЗАТЫКАЮЦЬ РТЫ!"

Ягор Маёрчык, Менск

(Маёрчык: ) "Пасьля агалошваньня рашэньня суду вы сказалі, што ня верыце сваім вушам і што гэтага ня можа быць. Я разумею ваш стан, спадар Маркевіч, тым ня менш маё першае пытаньне: як вы расцэньваеце рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду, якое агалосілі літаральна некалькі хвілінаў таму?"

(Маркевіч: ) "Я думаю, што гэта ганьба для беларускай юрыспрудэнцыі, я думаю, што гэта ганьба для Беларусі, я думаю, што гэта ганьба для беларусаў. Мы зноў паказалі сябе перад цэлым сьветам неандэртальцамі".

(Маёрчык: ) "Ці былі сапраўдныя падставы для закрыцьця газэты "Пагоня"?"

(Маркевіч: ) "Ніякай нават малой прававой зачэпкі для таго, каб закрыць газэту, зьнішчыць газэту не было. Гэта рашэньне прынятае не ў залі суду. Той размах беззаконьня, той імпэт, зь якім гарадзенскія пракуроры нішчылі газэту, сьведчыць толькі пра адно — што індульгенцыю, дараваньне сваіх грахоў яны хутчэй за ўсё атрымалі ад самай высокай асобы".

(Маёрчык: ) "Што азначае закрыцьцё газэты "Пагоня" найперш для Гарадзенскага рэгіёну, для Беларусі ўвогуле?"

(Маркевіч: ) "Гэта сьведчыць пра тое, што ўжо ў гэты чацьвер больш за 10 тысяч чытачоў газэты "Пагоня" будуць пазбаўленыя сваёй любімай газэты. Гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь уступіла ў нейкую новую стадыю.

Гэта ўжо пачынаецца новая гісторыя, бо раней мы разважалі чыста тэарэтычна пра тое, што "Пагоня" можа быць выбраная палігонам для зьнішчэньня ўсяго беларускага друку. Я думаю, што гэтыя тэарэтычныя разважаньні мелі рацыю. Гэтае рашэньне — як выбух нэйтроннай бомбы. Цяпер кожны іншадумец, кожны незалежны журналіст, кожны рэдактар сто разоў задумаецца перш чым выканаць свой прафэсійны абавязак — данесьці людзям словы праўды".

(Маёрчык: ) "Наступны нумар тыднёвіка "Пагоня" ня выйдзе. Натуральна паўстае пытаньне: што будзе далей?"

(Маркевіч: ) "Мы будзем працягваць сваю працу. Рэдакцыя будзе існаваць. Мы ёсьць у Інтэрнэце, і ніякі беларускі гаспадарчы суд, ніякі гарадзенскі пракурор яшчэ Інтэрнэтам не авалодаў. І мы будзем рэгулярна зьяўляцца там шточацьвер. Я думаю, што мы будзем спрабаваць зарэгістраваць новую газэту.

Гэта яшчэ не канец. Хай гэтыя судзьдзі й гэтыя пракуроры, якія лічаць, што яны зрабілі справу, усьвядомяць, што на гэтым гісторыя не заканчваецца, не заканчваецца жыцьцё. Мы ня можам быць рабамі, якім беспакарана затыкаюць рты!"