У ВАРШАВЕ ПРАЦЯГВАЕ ПРАЦУ КАНФЭРЭНЦЫЯ “ЭЎРОПА-ФОРУМ 2001”

Аляксей Дікавіцкі, Варшава

“Праз дзесяць гадоў пасьля распаду камуністычнай імпэрыі свабодныя сродкі масавай інфармацыі, на жаль, не паўсюль у Эропе ёсьць чымсьці натуральным. Нават на пачатку XXI стагодзьдзя ў некаторых краінах незалежныя мэдыі дагэтуль перасьледуюцца на дзяржаўным узроўні,” -адзначаюць удзельнікі канфэрэнцыі.

Паводле прысутных на канфэрэнцыі палітыкаў - прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу, свабода сродкаў масавай інфармацыі таксама будзе ўлічвацца ў часе агульнай ацэнкі падрыхтаванасьці той ці іншай краіны
да ўступленьня ў Эўразьвяз.

Менавіта таму пасьля ўчорашняга абмеркаваньня стану гаспадаркі краінаў Цэнтральнай Эўропы, якія выказалі намер далучыцца да Эўразьвязу, сёньня ўдзельнікі канфэрэнцыі разглядалі становішча сродкаў масавай інфармацыі.

Цкава, што нават журналісты, якія працуюць у заможных і вольных дзяржавах, скардзіліся на тое, што ў іхных краінах палітыкі спрабуюць узмацніць свой уплыў на сродкі масавай інфармацыі ды кантраляваць журналістаў.

Паводле ўдзельнікаў канфэрэнцыі, ня можа быць так каб ўрад ці іншыя ўладныя структуры кантралявалі тэлебачаньне ці газэты, а, прыкладам, ў Італіі прэм’ер-міністар трымае ў руках большасьць мэдыяў.

У часе працы канфэрэнцыі адзначалася, што падпарадкаваць сродкі масавай інфармацыі палітыкі спрабуюць паўсюль, аднак найбольш часта гэта здараецца ў краінах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, дзе найбольш масавыя пэрыядычныя выданьні шчыльна кантралююцца кіраўніцтвам краіны.

У працы канфэрэнцыі, сярод іншых, ўзялі ўдзел прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі, міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр, кіраўнік чэскага парлямэнту Вацлаў Клаўс.