НА БЕЛАРУСКІХ ВУЛІЦАХ ЗЬЯЎЛЯЮЦЦА ВАЙСКОЎЦЫ, УЗБРОЕНЫЯ НА ЎЗОР МІЛІЦЫЯНТАЎ

Ігар Карней, Менск

Сёньня зь некаторых гарадоў Гарадзеншчыны прыйшлі паведамленьні, што на вуліцах зноў зьявіліся вайскоўцы, узброеныя на ўзор міліцыянтаў — найперш, гумавымі палкамі і кайданкамі. У рэдакцыі "Газэты Слонімскай" мне распавялі, што, паводле іхнай інфармацыі, вайсковыя патрулі маюць такія ж паўнамоцтвы, як і міліцыянты.

Напачатку 1990-х ужо была спроба сумеснага патруляваньня гарадоў сіламі вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі. Тады ідэя асаблівага плёну ня мела, і ў 1995 годзе сумеснае патруляваньне скасавалі.

Былі выпадкі, калі вайскоўцы ўдзельнічалі ў сумесных з праваахоўчымі органамі акцыях. Варта нагадаць, што дагэтуль армейскія патрулі маглі ўчыніць праверку (альбо ў выпадку неабходнасьці затрымаць) выключна вайскоўцаў, падначаленых Міністэрству абароны.

У Міністэрстве абароны факту, што вайскоўцы будуць ахоўваць парадак на вуліцах беларускіх гарадоў, не пацьвярджаюць, але й не абвяргаюць. Гаворыць супрацоўнік прэсавай службы Леанід Захаранка:

(Захаранка: ) "Тут адзіны магчымы момант: на пэрыфэрыі могуць нешта прадпрыняць мясцовыя начальнікі. Але гэта супраць таго, на што арыентаванае Міністэрства абароны. Гэта незаконная ініцыятыва, і яны будуць пакараныя. Ня той зараз час, каб адцягваць сілы на нейкія патрулі".

Спадар Захаранка таксама распавёў, што ўзбраеньне вайсковых патрулёў дастатковае, каб аказаць супраціў і нядобрасумленным цывільным грамадзянам.

(Захаранка: ) "Гэта звычайны стандартны набор. Натуральна, старшы патруля будзе мець пісталет. Дубінкі пэўна ёсьць. Падразьдзяленьні павінны сачыць за парадкам, і яны паводле функцыяў чымсьці падобныя да міліцэйскіх. Але ўсё залежыць ад пастаўленых задачаў. З улікам таго, што зброя прыцягвае многіх нядобрасумленных грамадзянаў, яна можа быць выкарыстаная ў экстрэмальных сытуацыях. Прынамсі, у кабуры зброя ёсьць. А так больш спадзяваньняў на ўласныя рукі. Балазе, хлопцы ўсе здаровыя".

У прэсавай службе Міністэрства абароны запэўнілі, што інфармацыя пра не ўласьцівыя арміі функцыі вайсковых патрулёў будзе правераная. Ініцыятары ўмацаваньня вайсковага парадку рызыкуюць атрымаць спагнаньні.