СЭНАТ ЗША РАЗГЛЯДАЕ ПРАЕКТ ЗАКОНУ АБ СПРЫЯНЬНІ ДЭМАКРАТЫІ, ПРЫНЦЫПАМ ПРАВАВОЙ ДЗЯРЖАВЫ Ў БЕЛАРУСІ І АБАРОНЕ БЕЛАРУСКАГА СУВЭРЭНІТЭТУ І НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

інфармацыя Радыё Свабода

РАЗЬДЗЕЛ 1. КАРОТКІ НАЗОЎ.

Гэты Закон прапануецца назваць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2001».

РАЗЬДЗЕЛ 2. ВЫСНОВЫ.

Кангрэс прыйшоў да высноваў, што —

(1) Злучаныя Штаты жыцьцёва зацікаўленыя ў кансалідацыі і ўмацаваньні незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь і ў яе інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў;

(2) Злучаныя Штаты падтрымоўваюць спрыяньне дэмакратыі, прынцыпам прававой дзяржавы і павагу да правоў чалавека ў Беларусі;

(3) у лістападзе 1996 году беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка арганізаваў супярэчны закону і канстытуцыі рэфэрэндум, які дазволіў яму навязаць беларускаму народу новую канстытуцыю, распусьціць стары парлямэнт — Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, замяніць яго паслухмяным заканадаўчым ворганам і падоўжыць свае паўнамоцтвы да 2001 году;

(4) у траўні 1999 году беларуская апазыцыя аспрэчыла незаконнае падаўжэньне Лукашэнкам свайго прэзыдэнцкага тэрміну, арганізаваўшы альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, на якія ўлады адказалі рэпрэсіямі;

(5) беларуская апазыцыя арганізоўвала мірныя дэманстрацыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў вялікіх і малых гарадах па ўсёй Беларусі, сярод іх — Марш-Свабоды-І 17 кастрычніка 1999 году, Марш Свабоды-ІІ 15 сакавіка 2000 году, Чарнобыльскі Шлях 26 красавіка 2000 году, якія адбываліся ў Менску і ў якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў беларусаў;

(6) рэжым Лукашэнкі адказваў на гэтыя мірныя шэсьці жорсткімі нападамі сілаў бясьпекі, масавымі арыштамі, працяглымі затрыманьнямі і зьбіцьцём;

(7) Андрэй Клімаў, дэпутат апошняга дэмакратычна абранага парлямэнту Беларусі, надалей утрымваецца ў зьняволеньні пры цяжкіх умовах за палітычны супраціў Лукашэнку;

(8) Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Юры Захаранка — кіраўнікі і прыхільнікі апазыцыі — зьніклі пры таямнічых абставінах;

(9) былыя беларускія дзяржаўныя службоўцы, у тым ліку чатыры супрацоўнікі праваахоўных ворганаў, выступілі з вартымі даверу заявамі і сьведчаньнямі наконт таго, што высокапастаўленыя чыноўнікі рэжыму Лукашэнкі мелі дачыненьне да забойства дзеячоў апазыцыі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага ды дзясяткаў іншых людзей;

(10) рэжым Лукашэнкі сыстэматычна цкуе і перасьледуе незалежныя сродкі масавай інфармацыі і актыўна душыць праявы свабоды слова і выказваньня;

(11) Зьміцер Завадзкі, апэратар расейскай грамадзкай тэлевізіі, вядомы сваімі крытычнымі рэпартажамі пра рэжым Лукашэнкі, зьнік пры таямнічых абставінах;

(12) рэжым Лукашэнкі выступае з нападкамі на Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву, Рыма-Каталіцкую Царкву, эвангельскія цэрквы ды іншыя рэлігійныя меншасьці;

(13) Лукашэнка падтрымвае і актыўна праводзіць у жыцьцё ідэю аб’яднаньня Беларусі з Расеяй, распачаў у гэтай справе перамовы і 8 сьнежня 1999 году падпісаў Беларуска-Расейскую Саюзную Дамову, ня маючы на гэта неабходных канстытуцыйных паўнамоцтваў;

(14) беларуская апазыцыя асуджае гэтыя спробы і неаднаразова заклікала міжнародную супольнасьць «недвухсэнсоўна абвясьціць аб непрызнаньні любых міжнародных дамоваў, падпісаных Лукашэнкам»;

(15) Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз, Парлямэнцкая Асамблея НАТО, Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі надалей прызнаюць Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня законным парлямэнтам Беларусі;

(16) праведзеныя Лукашэнкам парлямэнцкія выбары 15 кастрычніка 2000 году супярэчылі закону і канстытуцыі;

(17) гэтыя выбары суправаджаліся грубымі парушэньнямі правоў чалавека з боку рэжыму, улучна з цкаваньнем, зьбіцьцём, арыштамі і зьняволеньнем дзеячоў апазыцыі;

(18) гэтыя выбары былі праведзеныя пры адсутнасьці дэмакратычнага выбарчага заканадаўства;

(19) прэзыдэнцкія выбары верасьня 2001 году былі несправядлівыя ў самой сваёй аснове і адзначыліся істотнымі і злоснымі парушэньнямі з боку рэжыму Лукашэнкі, якія ўключалі ў сябе —

(А) цкаваньне, арышты і зьняволеньне лідэраў апазыцыі;
(B) адмову апазыцыйным кандыдатам у роўным і справядлівым доступе да сродкаў інфармацыі, пераважна кантраляваных дзяржавай;
(C) канфіскацыю абсталяваньня і маёмасьці незалежных няўрадавых арганізацыяў і друкарняў, цкаваньне іх кіраўнікоў і супрацоўнікаў;
(D) непразрыстасьць працэсу галасаваньня і падліку галасоў; і
(E) кампанію запалохваньня, скіраваную супраць актывістаў апазыцыі, мясцовых арганізацыяў назіраньня за выбарамі, апазыцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі; кампанію паклёпу ў сродках масавай інфармацыі, скіраваную супраць міжнародных назіральнікаў;

(20) апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і справядлівымі, адбыліся ў 1995 годзе, у выніку чаго быў абраны Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, чыю дэмакратычна і канстытуцыйна нададзеную ўладу і паўнамоцтвы узурпаваў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

РАЗЬДЗЕЛ 3. ДАПАМОГА Ў СПРЫЯНЬНІ ДЭМАКРАТЫІ І ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ Ў БЕЛАРУСІ

(а) МЭТЫ ДАПАМОГІ.— Дапамога, пра якую будзе йсьці гаворка ў гэтым разьдзеле, будзе выдзяляцца на тое, каб:

(1) Дапамагчы народу Беларусі адваяваць сваю свабоду і даць яму магчымасьць далучыцца да міжнароднай супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў.

(2) Аднавіць і ўмацаваць у Беларусі інстытуты дэмакратычнага кіраваньня.

(3) Заахвоціць правядзеньне ў Беларусі свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці зь міжнародна прынятымі стандартамі і пад наглядам міжнародна прызнаных назіральнікаў.

(4) Падтрымаць і ўзмацніць міжнародныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

(b) УПАЎНАВАЖАНЬНЕ НА ВЫДЗЯЛЕНЬНЕ ДАПАМОГІ.— Для дасягненьня мэтаў, пералічаных у падразьдзеле (а), Прэзыдэнт упаўнаважваецца выдзяляць дапамогу ды іншыя формы падтрымкі на дзейнасьць, апісаную ў падразьдзеле (c) і перадусім для беларускіх палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў у самой Беларусі.

(c) ДЗЕЙНАСЬЦЬ, НА ЯКУЮ ВЫДЗЯЛЯЕЦЦА ДАПАМОГА.— Дзейнасьць, на якую можа выдзяляцца згаданая ў падразьдзеле (b) дапамога, уключае ў сябе—
(1) дзейнасьць дэмакратычных сілаў, у тым ліку палітычных партыяў, скіраваную на пашырэньне дэмакратыі і абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі;
(2) пабудову дэмакратыі;
(3) радыё- і тэлевяшчаньне на Беларусь;
(4) разьвіцьцё і падтрымку няўрадавых арганізацыяў як у Беларусі, гэтак і ў эміграцыі, якія спрыяюць дэмакратыі і бароняць правы чалавека;
(5) разьвіцьцё незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі і за яе межамі і абапіраюцца на недзяржаўныя друкарні;
(6) міжнародны абмен і праграмы прафэсійнай падрыхтоўкі для кіраўнікоў і актывістаў дэмакратычных сілаў з мэтай удасканаленьня навыкаў, неабходных для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці; і
(7) разьвіцьцё ўсіх элемэнтаў дэмакратычнага працэсу, у тым ліку арганізацыі палітычных партыяў і досьведу правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў.

(d) УПАЎНАВАЖАНЬНЕ НА АСЫГНАВАНЬНЕ.—
(1) АГУЛЬНАЕ ПАЛАЖЭНЬНЕ.— Даецца ўпаўнаважаньне на асыгнаваньне Прэзыдэнту 30 000 000 даляраў на 2002-гі фінансавы год.
(2) НАЯЎНАСЬЦЬ СРОДКАЎ.— Сумы, асыгнаваныя ў адпаведнасьці з параграфам (1), будуць наяўныя для ўжытку да поўнай іх затраты.

Астатнія часткі законапраекту чытайце на сайце Свабоды заўтра