НЯМЕЧЧЫНА ЗАПРАШАЕ ТЫХ, ХТО ХОЧА ПРАЦАВАЦЬ

Алена Панкратава, Прага

Фактычна дагэтуль у шматнацыянальнай Нямеччыне эмігрантаў не было. Вялікая іншаземная група, якая гаворыць у гэтае краіне на цюркскіх мовах належыць гэтак званага працоўнага кантынгенту, запрошанага ў краіну ў пачатку 60-х.

Другая, ня менш вялікая група, якая размаўляе па-расейску, належыць да гэтак званых кантынгенстфлюхтлінгаў альбо ўцекачоў – былах савецкіх немцаў альбо габрэяў. Што тычыць непасрэдна ахвяраў палітычнага рэжыму, якія зьвяртаюцца да ўладаў з просьбай аб палітычным прытулку, то іх у ФРГ вельмі мала.

Даведка: сярод беларускіх грамадзянаў гэтак званы “азыль” атрымлівае ў лепшым выпадку адзін адсотак ад тых, хто “здаецца” у аэрапортах ці на мяжы.

Цяпер вяглядае, што іміграваць ў Нямеччыну змогуць тыя, хто хоча атрымаць працу. Альбо ахвяры перасьледу, як дзяржаўнага, так і недзяржаўнага. Мяркуецца, што працэдура доказу гэтага перасьледу стане менш жорсткай, чым існуючая.

Прадстаўляючы ўчора ў Бэрліне асноўную канцэпцыю паправак, міністр унутраных справаў ФРГ Ота Шылі паведаміў, што будучы закон прадугледжвае значнае спрашчэньне правілаў, якія рэгулююць прыток замежнікаў у Нямеччыну.

Паводле Ота Шылі, плянуецца стварыць такую сыстэму, якая сама дазволіць вызначыць, якія спэцыялісты неабходныя на сёньняшні момант у ФРГ. Лічыцца, што гэтая сыстэма базуецца менавіта на прынцыпах рынкавай, а ня плянавай эканомікі.

Неабходна зазначыць, што новая мадэль знайшла падтрымку сярод нямецкіх прадпрымальнікаў, якія ўпэўненыя, што ў доўгатэрміновай пеэрспэктыве эканоміка ФРГ будзе непасрэдна залежыць ад прытоку высокваліфікаваных спэцыялістаў з-за мяжы.

Як вядома, раней ФРГ адкрыла кардоны для фахоўцаў-кампутарнікаў з краінаў, якія не належаць да Эўразьвязу. Цяпер да іх могуць далучыцца і дыплямаваныя прадстаўнікі іншых прафэсіяў. Папраўкі да законадаўства тычацца таксама і тых, хто набывае вышэйшую адукацыю ў нямецкіх унівэрсытэтах. Раней замежныя студэнты вымушаны былі вяртацца дамоў пасьля сканчэньня сваёй вучобы, цяпер у іх ёсць магчымасьць застацца працаваць у Нямеччыне.

Як выглядае з праекту, ФРГ зможа прымаць да сябе і працоўную сілу. Сярод галоўных крытэрыяў на права атрымаць гэтак званы грын кард –кваліфікацыя, веданьні нямецкай мовы, а таксама непасрэдна краіна, адкуль паходзіць замежнік. Лічыцца, што новы закон зможа стварыць нейкі кардон для іміграцыі ў ФРГ прадстаўнікоў краінаў, якія падазраюцца ў тэрарызме.

Акрамя таго, лібэралізаваныя і правілы знаходжаньня ў ФРГ дзяцей замежнікаў. Узрост дзяцей, якія жылі на Радзіме без бацькоў, а потым пажадалі пераехаць да іх у ФРГ, абмяжоўваецца цяпер 14-цю гадамі, а не 12-цю, як было раней. Таксама дазволена пераяжджаць да сваіх бацькоў у Нямеччыну і 18-цігадовым, але пры ўмове валоданьня нямецкай мовай.

У некаторых пытаньнях Ота Шылі пайшоў насустрач ранейшым патрабаваньням “зялёных”, якія настойвалі на прадастаўленьні палітычнага прытулку ахвярам сэксуальнага, рэлігійнага, сацыяльнага і іншага нядзяржаўнага перасьледу.

За далейшымі падрабязнасьцямі прыняцьця новага закону ФРГ аб іміграцыі сачыце ў нашых праграмах.