У МЕНСКУ ЎСЁ ЯШЧЭ СУДЗЯЦЬ УДЗЕЛЬНІКАЎ АНТЫФАШЫСТОЎСКАЙ АКЦЫІ 26 КАСТРЫЧНІКА

Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Маскоўскім раённым судзе Менску судзілі Максіма Вянярскага і намесьніка старшыні Маладога Фронту Аляксея Шэіна.

Максім Вянярскі распавёў, што ягоныя родныя былі падпольшчыкамі, і іх расстралялі фашысты ў 1941 годзе. Ён прыйшоў на месца гібелі дзеля ўшанаваньня іхнай памяці. Але судзьдзя сп. Антаневіч палічыў гэта парушэньнем Адміністрацыйнага кодэксу і пакараў Максіма штрафам на 150 мінімальных заробкаў (гэта 750 амэрыканскіх даляраў).

Гаворыць Максім Вянярскі:

(Вянярскі: ) "Паколькі з заробка вылічваюць па 20%, а мой заробак недзе 46 тысяч рублёў, то я ўжо палічыў, што выплачваць штраф прыйдзецца недзе каля дзесяці гадоў".

Такім жа штрафам судзьдзя пакараў і намесьніка старшыні Маладога Фронту Аляксея Шэіна. Аляксей палічыў гэты прысуд паказальным для сёньняшняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі:

(Шэін: ) "На маю думку, працэс увогуле высасаны з пальца. Штраф за ўшанаваньне памяці ахвяраў фашыстоўскіх рэпрэсіяў — вышэй за ўсялякае разуменьне. Такое ў галаву не кладзецца. Я думаю, што калі антыфашыстоўскае выступленьне ўлады ўспрымаюць як выступленьне супраць улады, то ўлады самі лічаць сябе фашыстамі".

Заўтра будуць судзіць Уладзімера Рубінчыка, лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, Алеся Нішчыка і Алега Лабатага. Паводле міліцэйскіх пратаколаў, іх абвінавачваюць у паўторным парушэньні грамадзкага парадку. За гэта могуць даць вялікі штраф альбо арыштаваць ад 10 да 15 сутак.