УШАНАВАНЬНЯ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ У ЛОШЫЦКІМ ЯРЫ НЕ АДБЫЛОСЯ

Ягор Маёрчык, Менск

На гэтым месцы ў першай палове мінулага стагодзьдзя савецкія ўлады расстралялі тысячы людзей. Пазьней, каб схаваць сьляды злачынстваў, збудавалі там вялікую аўтамабільную пляцоўку.

Сёньня плянавалі прыбраць прылеглую тэрыторыю, ускласьці кветкі да крыжа і запаліць памінальныя сьвечкі. Аднак ніхто ў Лошыцу так і не прыйшоў. Магчыма, гэтаму перашкодзіў дождж і халоднае надвор'е.

Само месца масавых расстрэлаў выглядае, як і некалькі гадоў таму, калі побач з пляцоўкай усталявалі крыж з надпісам "Ахвярам палітычнага тэрору". Адразу за ім пачынаецца недагледжаны лес. Падысьці да гэтага месца цяжка: асфальтаванай дарогі няма, а грунтовая раскісла ад дажджу.