Сёлета 8 сьнежня Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў споўніцца 10 гадоў. Гэты першы юбілей кіраўнікі дзяржаваў СНД яшчэ на апошнім летнім саміце ў Менску вырашылі сьвяткаваць у Маскве. Мажліва, да гэтай агульнай сустрэчы будзе прымеркаваны й першы пасьля выбараў візыт Аляксандра Лукашэнкі ў сталіцу Расеі.
Нават пасьля тэрарыстычных актаў у ЗША беларускае дыпляматычнае ведамства заяўляла, што сустрэча Ўладзімера Пуціна са спадаром Лукашэнкам плянуецца на кастрычнік. Аднак спадар Пуцін часу для гэтага не знайшоў.
Хаця нават у галоўнай Лукашэнкавай газэце сёньня на першай старонцы можна прачытаць, што прэзыдэнт Расеі сустрэўся ў Маскве з прэм'ер-міністрам Італіі Сыльвіа Бэрлюсконі. Як паведамляе "Советская Белоруссия", Уладзімер Пуцін расцаніў візыт італійскага прэм'ера як "рабочы, выкліканы скрайняй неабходнасьцю".
Відавочна, што падобнай неабходнасьці сустракацца з Лукашэнкам Пуцін цяпер ня мае. Пра гэта я размаўляў сёньня зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым.
(Карэспандэнт: ) "Вось сёньня "Советская Белоруссия" піша, што Пуцін з Бэрлюсконі сустрэўся..."
(Хвастоў: ) "Мы сустрэнемся з Пуціным таксама".
(Карэспандэнт: ) "Гэта будзе да 8 сьнежня ці вось якраз на саміт?"
(Хвастоў: ) "Няма нейкага падыходу такога, каб абавязкова гэта здарылася да ці потым. Зараз з расейскім бокам абмяркоўваем дакладныя даты".
Міхаіл Хвастоў дадаў, што "адбыліся вядомыя падзеі, якія зьмянілі сытуацыю ў сьвеце, і зьявіліся пытаньні, якія Расея, відаць, абмяркоўвае ў першую чаргу".
Нагадаю, тэма барацьбы зь міжнародным тэрарызмам была галоўнай на нядаўнім саміце ў Шанхаі, таму я задаў міністру Хвастову наступнае пытаньне:
(Карэспандэнт: ) "А Пуцін праінфармаваў пра вынікі гэтага шанхайскага саміту? Была нейкая размова з Аляксандрам Лукашэнкам ці не?"
(Хвастоў: ) "Мы маем поўную інфармацыю".
(Карэспандэнт: ) "Па лініі МЗС?"
(Хвастоў: ) "Па лініі МЗС, так".
(Карэспандэнт: ) "Міхаіл Міхайлавіч, ходзяць чуткі, што Замяталіна прызначаць у Парыж прадстаўніком пры ЮНЭСКА..."
(Хвастоў: ) "Запытайце ў Замяталіна".
(Карэспандэнт: ) "Гэта разглядаецца?"
(Хвастоў: ) "У Замяталіна запытайце", — адказаў міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў.
Нагадаю, паводле неафіцыйнай інфармацыі з МЗС, ад амбасадара Беларусі ў Францыі Ўладзімера Сянько хочуць забараць яшчэ адну ягоную пасаду — прадстаўніка пры ЮНЭСКА, штаб-кватэра якое месьціцца ў Парыжы, — і прызначыць на гэтую пасаду Ўладзімера Замяталіна, былога першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі й цяперашняга беспрацоўнага.