МАГІЛЁЎСКІЯ РАБОТНІКІ ПАГРАЖАЮЦЬ ПАЎЛУ БАРАДЗІНУ ЗВАРОТАМ ДА КАРЛЫ ДЭЛЬ ПОНТЭ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Інакш будаўнікі зьбіраюцца зьвярнуцца да швайцарскай пракуроркі Карлы дэль Понтэ — той, што вяла крымінальную справу Барадзіна.

Ліст напісалі рабочыя, якія месяц адпрацавалі ў Падмаскоўі ды атрымалі за сваю працу ад 25 да 40 даляраў хоць абяцалі ім у 5–6 разоў больш. Зараз яны просяць Паўла Барадзіна разабрацца ў сытуацыі, дапамагчы ім вярнуць заробленыя грошы. Маўляў, для чаго тады створаны саюз Расеі й Беларусі?

Падпісанты падрабязна апісваюць умовы жыцьця ў Расеі падчас рэканструкцыі вайсковай казармы. Як ужо паведамляла Радыё Свабода, дырэкцыя магілёўскага трэсту накіравала каля 100 сваіх працаўнікоў у Адзінкаўскі раён Маскоўскай вобласьці. І пры адпраўцы, і зараз, яны ня бачылі ніякай дамовы паміж расейскім і беларускім бокам.

Магілёўскія будаўнікі жылі па 15–30 чалавек у адным памяшканьні, разам з пацукамі, ня мелі бялізны, накрываліся коўдрамі, пасьля якіх сьвярбела цела. Яны нагадалі расейскаму чыноўніку, што атрымлівалі сутачныя і камандзіровачныя каля двух даляраў, таму вельмі дрэнна харчаваліся.

Напрыканцы ліста падпісанты заяўляюць: "З Расеі прыехалі жабракамі, больш туды ехаць не жадаем. Такое сяброўства нам непатрэбнае".

Як паведамілі падпісанты, такім зваротам яны хочуць папярэдзіць сваіх калегаў з будаўнічай галіны Магілёўшчыны пра магчымыя наступствы іхнай працы ў Расеі. Кіраўніцтва вобласьці на сустрэчы з адміністрацыяй прэфэктуры Ўсходняй акругі Масквы дамовілася пра накіраваньне тысячы беларускіх рабочых на маскоўскія будоўлі. Першыя зь іх, каля двухсот магілёўцаў, паедуць блізкім часам. Усім абяцаюць часовую прапіску, жытло і месячны заробак 250 даляраў.

Вось таму будаўнікі з будтрэста №12, навучаныя горкім вопытам, імкнуцца замацаваць маскоўскія абяцаньні гарантыямі дзяржаўнага сакратара саюзу Расеі й Беларусі. Паводле іхнага меркаваньня, той павінен даць адказ — куды пайшлі заробленыя грошы.

А калі адказу ня будзе, — заяўляюць падпісанты, — ім нічога не застаецца, як зьвярнуцца да міжнародных праваахоўчых органаў, у прыватнасьці, да іхнай прадстаўніцы, пракуроркі Карлы дэль Понтэ. Застаецца толькі здагадвацца, чаму магілёўскія рабочыя абралі сваім праваабаронцам менавіта таго чалавека, як сёлета вёў крымінальную справу спадара Барадзіна.