У ГОРКАХ АДБЫЎСЯ СТЫХІЙНЫ ПРАТЭСТ БЕСПРАЦОЎНЫХ СУПРАЦЬ ЗАТРЫМКІ ЧАСОВЫХ ЗАРОБКАЎ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Беспрацоўныя жыхары Горак пайшлі на гэты крок, калі раённая вэртыкаль адмовіла ім у правядзеньні пікету ў цэнтры гораду. Праз такія дзеяньні каля 100 жыхароў раённага цэнтру зьбіраюцца вярнуць заробленыя грошы. Яны згадваюць, што калі ў верасьні іх накіроўвалі на часовую працу ў гаспадаркі Горацкага раёну, то прапанавалі добры месячны заробак — ад 100 да 200 тысяч беларускіх рублёў.

Ад іх запатрабавалі сабраць пэўную норму льна, што яны й зрабілі, але грошы за гэтую працу атрымалі тольк асобныя зь іх.

Кіраўнікі калгасаў і саўгасаў спасылаюцца на аб'ектыўныя цяжкасьці ды абяцаюць выплаціць заробкі блізкім часам. Аднак, нягледзячы на абяцаньні кіраўнікоў Магілёўшчыны, звыш ста сельскіх гаспадарак вобласьці, у тым ліку Горацкага раёну, так і не змаглі ліквідаваць запазычанасьцяў па заробках.

Ня можа адказаць на гэтае пытаньне і дырэктар ільназаводу, які так і не разьлічыўся за лён. Даведзеныя да адчаю рабочыя спрабавалі правесьці пікетаваньне, але калі атрымалі адмову, вырашылі сустрэцца з кіраўніцтвам раёну сам-насам.

Нягледзячы на іхныя трывогі, паход у райвыканкам прайшоў без канфліктаў і затрыманьняў. Старшыня Горацкага райвыканкаму Ўладзімер Даўжанкоў загадаў пусьціць іх. Магчыма, на ягонае рашэньне паўплывала прысутнасьць намесьніка рэдактара мясцовай недзяржаўнай газэты "Рэгіянальныя ведамасьці" Эдуарда Брокарава, якому людзі далі права абараняць іхныя інтарэсы.

Аднак сустрэча з кіраўніцтвам раёну не прынесла станоўчых вынікаў. Чыноўнікі, якія адказваюць за сельскую гаспадарку Горацкага раёну, тлумачаць недахоп сродкаў адсутнасьцю рэсурсаў у Нацыянальным банку.

Але ж з боку начальніка раённага ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Івана Халявы прагучала абяцаньне хутка вырашыць гэтую праблему. Беспрацоўныя папярэдзілі, што калі яны не атрымаюць грошай, то неўзабаве працягнуць акцыі пратэсту. Як заявіў адзін зь іх, нам няма чаго губляць, бо дзяржава так ці інакш ня можа даць нам працы. Як стала вядома, далей перамовы з уладай ад імя беспрацоўных будзе весьці той жа горацкі журналіст Эдуард Брокараў.

Тым часам суд Клічаўскага раёну аднавіў на працы выкладчыцу Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжу Людмілу Гушчу, якую звольнілі пятага верасьня, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Яна палічыла загад адміністрацыі палітычнай расправай, бо падчас прэзыдэнцкай кампаніі кіравала незалежным назіраньнем у гэтым рэгіёне.

Выкладчыца запатрабавала ад адказчыка аднаўленьня на працы, аплаты за час вымушаных прагулаў і матэрыяльнай кампэнсацыі маральных стратаў. Усе ейныя патрабаваньні задаволілі. Суд прызнаў загад пра звальненьне спадарыні Гушчы незаконным і не адпаведным працоўнаму заканадаўству. Па часе адна з актывістак мясцовай апазыцыі вернецца на сваё працоўнае месца.