СУД НАД "ПАГОНЯЙ" ПЕРАНЕСЬЛІ НА НЯВЫЗНАЧАНЫ ЧАС

Ягор Маёрчык, Менск

Журналістаў, што прыйшлі сёньня на судовае паседжаньне, непрыемна зьдзівілі дзеяньні аховы Вышэйшага гаспадарчага суду. Яна загадала пакінуць дыктафоны ў гардэробе. З гэтым супрацоўнікі мэдыяў сутыкнуліся ўпершыню, бо раней можна было пранасіць дыктафоны і камэры ў судовую залю і рабіць запісы з дазволу судзьдзі.

Такія паводзіны ахоўнікаў кіраўнік Цэнтру юрыдычнай дапамогі пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў, які на працэсе абараняе інтарэсы "Пагоні", расцэньвае як парушэньне правоў журналістаў:

(Пастухоў: ) "Можна было судзьдзі растлумачыць, што ён не дазваляе весьці запісы на судовым паседжаньні. А тут функцыі судзьдзі выканаў міліцыянт. Я лічу, што гэта парушэньне правоў журналістаў".

Паседжаньне доўжылася меней за 20 хвілінаў. Пасьля таго, як судзьдзя Жандараў даведаўся, што рэдакцыя "Пагоні" падала сустрэчны пазоў аб скасаваньні аднаго з папярэджаньняў, ён адклаў слуханьне справы на няпэўны тэрмін.

Галоўны рэдактар выданьня Мікола Маркевіч не губляе надзелі, што ўсе судовыя справы завершацца на карысьць журналістаў:

(Маркевіч: ) "На нашым баку закон, чалавечнасьць і мараль. А што на іхным баку, я нават ня ведаю. Акрамя сілы, прычым не падмацаванай мазгамі, я ня бачу на іхным баку ніякіх другіх аргумэнтаў".

(Карэспандэнт: ) "Як мяркуеце — якое рашэньне прыме гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці восьмага лістапада?"

(Маркевіч: ) "Калі судзьдзя возьме бок закону, то гэтае папярэджаньне скасуюць. Я спадзяюся, што ва ўмовах, калі гэтаму рэжыму трэба захаваць твар (бо яны шырока абвесьцілі пра рознага роду лібэралізацыі), шанцы ў нас ёсьць".

Абарона зазначае, што цяпер лёс "Пагоні" фактычна знаходзіцца ў руках Гаспадарчага суду Гарадзенскай вобласьці, які разгледзіць сустрэчны пазоў 8 лістапада. У разе, калі папярэджаньне скасуюць, справа, прыпыненая сёньня, проста разваліцца: ня хопіць фармальных падставаў, каб працягваць ейны разгляд. У адваротным выпрадку ўзмацняцца пазыцыі дзяржавы на працэсе, у інтарэсах якой гарадзенская пракуратура ініцыявала справу аб закрыцьці газэты.