ПЯТНІЧНАЕ АБРАБАВАНЬНЕ МАЦІ ЮР’Я ЗАХАРАНКІ НЕ БЫЛО ПЕРШЫМ

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Невядомыя злодзеі ўжо ня першы раз рабуюць гаспадарку Ўльяны Захаранкі. Літаральна месяц таму нехта ноччу залез да яе ў хляўчук і скраў з аўтапрычэпа сына тры колы, у тым ліку і запасное.

Мясцовыя міліцыянты пра гэта даведаліся толькі зараз, калі злодзей праз вакно забраўся ў хату і выцягнуў рэчы Юр'я Захаранкі.

Опэрупаўнаважаны Васілевіцкага аддзяленьня Рэчыцкай міліцыі, старэйшы лейтэнант Анатоль Новік ня стаў камэнтаваць выпадак з аўтапрычэпам — папросту ня ведаў, а вось наконт крадзяжу курткі і спартовых гарнітураў заўважыў, што крадзеж загадкавы.

(Новік: ) "Тут больш каштоўнага не ўзялі. Менавіта тое, што можна было ўзяць злодзеям — дублёнку, напрыклад. Схапілі менш каштоўнае", — кажа спадар Новік.

За трое сутак міліцыянты ня здолелі знайсьці ні рэчаў Юр'я Захаранкі, ні злодзея. Сёньня Анатоль Новік толькі й змог паведаміць, што з прычыны крадзяжу распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 205, часткі 3 — крадзеж з пранікненьнем у жытло. Пакараньне за гэта ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Пра матывы крадзяжу міліцыянты гаварыць ня хочуць. Аднак можна меркаваць, што дом прыцягваў рабаўнікоў з прычыны таго, што Ўльяну Захаранку ў вайну забралі на прымусовыя працы ў фашыстоўскую Нямеччыну. Цалкам магчыма, што нехта паквапіўся на выплачаную нямецкім бокам кампэнсацыю, хаця гаспадыня даўно купіла за маркі капы на старэнькія крэслы і канапу.

Яшчэ больш верагоднай зьяўляецца повязь крадзяжу зь перадачамі Беларускага тэлебачаньня і публічнымі заявамі найвышэйшых кіраўнікоў дзяржавы, якія абвінавачвалі экс-міністра ў фінансавых махінацыях. Відаць, злодзей і паддаўся на прапаганду.

Праўда, маці турбуецца не пра мітычныя грошы, а пра лёс сына. Распавядае Ўльяна Захаранка:

(Захаранка: ) "Пісала я Лукашэнку пісьмо, прасіла і плакала, што я адзінокая, што я знаю, што вы шмат гаворыце, што мой сын абакраў некага… Няма ў мяне нідзе нічога, апроч анучаў. Стулікі прыкрыла анучамі, бо яны драныя", — кажа маці зьніклага генэрала Юр'я Захаранкі.