ЯК АМЭРЫКА РЭАГУЕ НА ПЕРШЫЯ АХВЯРЫ СЯРОД СВАІХ ВАЙСКОЎЦАЎ?

Радыё Свабода.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, як успрынятыя ў ЗША паведамленьні пра першыя ахвяры з амэрыканскага боку падчас вайсковай апэрацыі?”

(Навумчык: ) “Алена, паведамленьне пра забітых амэрыканскіх вайскоўцаў прыйшло ўначы. У нейкай ступені адлюстраваньнем рэакцыі могуць быць тэлевізійныя рэпартажы, падчас якіх адбываюцца апытаньні людзей на вуліцах, і камэнтары палітолягаў. Настроі супадаюць з тым, што заявіў прэзыдэнт Джордж Буш у Шанхаі, – што вайскоўцы загінулі не дарэмна, і што трэба рыхтавацца да працяглай вайны. Буш прынес спачуваьні сем’ям загіблых.

Алена, днямі я прачытаў на інтэрнэце ў “Народнай волі” артыкул пісьменьніка Васіля Якавенкі, у якім даецца крытычная ацэнка самога факту ваеннай апэрацыі ЗША ў Афганістане. Аўтар піша, што патрыятычная эйфарыя амэрыканцаў у гэтай вайне– да першых трунаў. Ва усялякім разе, сэнс такі. Аднак труны ў гэтай вайне амэрыканцы ўжо маюць – вайна пачалася насамрэч 11 верасьня, калі загінулі больш як 5 тысячаў мірных грамадзянаў. У амэрыканцаў няма эйфарыі – яны настроеныя на доўгую вайну з разуменьнем, што гэтая вайна, як і ўсялякая іншая, запатрабуе ахвяраў. Амэрыканцы разумеюць, што менавіта на іх краіну прыпадзе асноўны цяжар вайны з тэраразмам”.

(Ціхановіч: ) “Ці ёсьць якія-небудзь новыя падрабязнасьці пра вайсковую апэрацыю ў Афганістане?”

(Навумчык: ) “Алена, Пэнтагон застаецца верны свайму ранейшаму абяцаньню – мінімум інфармацыі што датычна тактыкі дзеяньняў амэрыканскеіх войскаў. Наконт астатняга – вайскоўцы і палітыкі ахвотна ідуць на кантакт з журналістамі. Толькі што было паказанае інтэрвію міністра абароны Дональда Рамсфэльда, які сказаў, што мэты бамбаваньня абіраюцца вельмі дакладна, адным з крытэрыяў ёсьць адсутнасьць паблізу будынкаў, дзе можа быць масавае знаходжаньне мірнага насельніцтва. Рамсфэльд сказаў, што самую вялікую шкоду афганскаму народу нанесьлі талібы, – нагадаем, што ў выніку іхных мэтадаў кіраваньня краінай штогод ад голаду гінуць тысячы афганцаў, – падрабязна распавёў, што яшчэ робіцца амэрыканскімі вайсковымі сіламі на тэрыторыі Афганістану. Напрыклад, на пазыцыі талібаў скідваюцца ўлёткі, дзе тлумачыцца, якім чынам талібы могуць здацца ў палон ці перайсьці на бок Паўночнага альянску. Як вядома, даволі шмат талібаў выкарыстоўваюць гэтыя парады”.

(Ціхановіч: ) “Сяргей, а чым сёньняшні дзень адметны ў Нью-Ёрку?”

(Навумчык: ) “Алена, менавіта сёньня у Мэдысан Сквэр Гардэн адбудзецца канцэрт “Рок дзеля Нью-Ёрку”, увесь збор якога пойдзе ў дапамогу ахвярам тэракту. Я зьбіраўся пайсьці на гэты канцэрт, бо там выступіць легендарны “бітл” Пол Макартні, і нават тэарэтычна мог набыць квіток – але квіток каштуе паўтары тысячы даляраў, таму вырашаў не выпрабоўваць нэрвы фінансавай службы нашага Радыё. Але канцэрт будзе трансьляваць некалькі нью-ёркскіх тэлеканалаў. Пол Макартні, Майк Джэггер, Эрык Клэптан – і, уласна, трох гэтых імёнаў дастаткова, каб канцэрт быў названы вялізарнай музычнай падзеяй году. Але яшчэ выступяць Бон Джові, Бэкстрыт Бойз, Марк Энтані, Гарыссан Форд – кожны зь іх зьбірае тысячныя залі. Усе грошы ад канцэрту пойдуць на дапамогу сем’ям ахвяраў тэрарыстычных актаў 11 верасьня”.