НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ ЛІКВІДУЮЦЬ ЧАСТКУ ВЫЦЬВЯРЭЗЬНІКАЎ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Упершыню аб гэтым паведаміў міністар унутраных справаў Навумаў, калі нядаўна наведваў Горадню. Па ягоных словах, дзеля эканоміі сродкаў выцьвярэзьнікі застануцца толькі ў абласным цэтры і ў Лідзе. Сёньня стала вядома, што кіраўніцтва ўпраўленьня ўнутраных справаў вырашыла пакінуць іх таксама ў Ваўкавыску і ў Слоніме.

Існуюць выцьвярэзьнікі менш, як у палове райцэнтраў вобласьці. Зь сямі тры будуць да канца году закрытыя. У міліцыі я даведаўся, што гэтак удасца скараціць штаты прыблізна на 40 чалавек. Выцьвярэзьнікі не акупляюцца, грошы з кліентаў удаецца спагнаць у трох выпадках з чатырох.

Як запэўнілі мяне, моцна п'яных міліцыянты будуць дастаўляць дахаты звычайнымі патрульнымі машынамі. А тых, хто апынецца ў цяжкім стане, давядзецца везьці ў райбальніцу.

Міліцыянты прызнаюць, што часам кліенты у выцьвярэзьніках паміраюць — так адбылося днямі ў Горадні. Каб жа мужчыну, які ляжаў на вуліцы, даставілі ў шпіталь, ён мог бы яшчэ ацалець, аднак памёр ад сэрца.

Ужо сёньня гарадзенская бальніца хуткай дапамогі мае шмат п'яных пацыентаў. За тыдзень з 200 чалавек, якім аказалі тэрміновую мэдыцынскую дапамогу, пятая частка была нападпітку.

Міліцыянты змогуць і надалей зарабляць на п'яніцах — складаючы пратаколы аб зьяўленьні ў грамадзкім месцы нападпітку. У наваградзкі выцьвярэзьнік, які закрываюць, штотыдзень трапляла па 30 чалавек. За такі ж час у раёне спаганяецца па 150-200 штрафаў — за парушэньне антыалькагольнага заканадаўства.

Наяўнасьць выцьвярэзьнікаў заўжды ўспрымалася як сьведчаньне недэмакратычнасьці грамадзтва. Чалавеку і дапамагаюць, і караюць адначасова — аказваюць паслугу, але прымусовую і платную. Падобныя ўстановы існуюць нават у суседняй Польшчы, але ў заходніх краінах выцьвярэзьнікаў няма.

На думку сяброў Беларускага Гельсынскага камітэту, міліцыю не цікавіць абарона правоў чалавека, а таксама праблема выкараненьня п'янства. Сёньня міліцыя дбае толькі пра выкананьне загаду свайго міністра аб скарачэньні штатаў.