ГАРАДЗКІ СУД МЕНСКУ АДХІЛІЎ СКАРГУ СЯМ'І ЧЫГІРОЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Сумна, калі судзьдзі больш высокага ўзроўню не выпраўляюць, а дублююць памылковае рашэньне калегаў ніжэйшага ўзроўню. Гэта яшчэ раз пераконвае, што няма незалежнай судовай сыстэмы ў Беларусі", — пракамэнтаваў гэтую падзею былы прэм'ер Міхаіл Чыгір.

Гэтую справу зь перапынкамі разглядаюць ужо 5 месяцаў. Напрыканцы верасьня судзьдзя Аніскевіч чарговы раз спыніў разгляд, абвесьціўшы, што ён адновіцца толькі пасьля завяршэньня суду над сынам Міхаіла Чыгіра Аляксандрам.

Між тым, Беларускае тэлебачаньне неаднойчы ўжо называла Чыгіра-малодшага "злодзеем", а сям'ю Чыгіроў "злачыннай". Чыгіры патрабуюць абвяржэньня гэтых зьвестак і грашовай кампэнсацыі за маральныя страты.

Калі адбудзецца суд над Аляксандрам Чыгіром, дагэтуль невядома. Паводле Чыгіровых адвакатаў, абвінавачаньні не падмацаваныя доказамі і таму ня выключана, што пракуратура зноў аддасьць справу на дадатковае расьсьледаваньне.