НІЛУ ГІЛЕВІЧУ — 70 ГАДОЎ

Валянціна Аксак, Менск

Ладзіла вечарыну Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны. Заснаваньне ды шматгадовае кіраўніцтва гэтай арганізацыяй у абарону роднае мовы — толькі невялікая частка чыннасьці Ніла Гілевіча на ніве служэньня нацыянальнай ідэі.

Зробленаму аднойчы і назаўсёды выбару на карысьць беларушчыны паэт ня здрадзіў ні пры воднай уладзе. Але асабліва патасна і пасьлядоўна адстойвае ён права нацыі на незалежнасьць і росквіт у роднай мове і культуры апошнія гады, калі гэтыя спрадвечныя каштоўнасьці ганьбуюцца і руйнуюцца ўладай на ўсіх роўнях. За што і мае публічную зьнявагу з вуснаў першых асобаў улады ды ейных памагатых, якія не выдаюць кніг народнага паэта ды ляўрэата шматлікіх айчынных ды міжнародных прэміяў.

Але мае Ніл Гілевіч і вялікую любоў сваіх прыхільнікаў, што сёньня яшчэ раз засьведчылі сотні тых, хто патрапіў на юбілейную вечарыну паэта.