Вадзім Дубноў цытуе Лукашэнку, які, галасуючы на сваім выбарчым участку, на пытаньне журналістаў, ці мае ён намер памяняць канстытуцыю, каб балятавацца яшчэ на адзін тэрмін, наўпрост адказаў: “А хто вам сказаў, што гэта мой апошні тэрмін?”
На думку расейскага публіцыста, “ніхто, натуральна, такога ў Беларусі ня скажа. Толькі падобна, што цяжкасьці непераадольнага характару могуць пачацца і раней, чым прз пяць гадоў. МАЗ, БЕЛАЗ і іншыя гіганты саціндустрыі адсоткаў трыццаць сваёй прадукцыі накіроўваюць адразу на склад, а астатняе ідзе ў асноўным у Расею або па бартэры, або па цане ніжэй за сабекошт, і на заробак заводы бяруць крэдыты ў Нацбанку, а бартэр у Расеі пакрысе канчаецца. Калгасы, як лічаць беларускія эканамісты, канчаткова мінулі кропку звароту, адраджэньню ўжо не падлягаюць, і ў якасьці пачатку беларускага паратунку некаторыя зь іх ужо прапануюць адмовіцца ад паслугаў свайго аграпраму і цалкам купляць харчаваньне за мяжой”.
“Інвэстыцыяў няма, – працягвае свой аналіз будучыні кіраванай Лукашэнкам Беларусі Вадзім Дубноў, – і непрызнаньне выбараў АБСЭ на гэтай тэме ставіць, здаецца, канчатковы крыж. Карэйцы, якія пажадалі купіць тэлевізійны завод “Гарызонт”, у адказ на прапанову ўзяць у нагрузку практычна мёртвую вытворчасьць інтэгральных схемаў, усьміхнуліся і зьехалі. Іншых прапановаў ва ўлады для інвэстараў няма. Ёсьць нязьменнае патрабаваньне: калі купляць, дык толькі са шпіталямі, сталоўкамі і дзіцячымі садкамі".
Аўтар “Нового времені” задаецца тым самым пытаньнем, якое трывожыць шмат каго і ў Беларусі пасьля таго, як Лукашэнка распачаў новую пяцігодку свайго прэзыдэнцтва: “Ці здольны ён памяняцца?” І адказвае: “Аб’ектыўна атрымліваецца, што – не.” Спасылаючыся на шырокавядомы дыягназ, пастаўлены Лукашэнку псыхіятрам Зьмітром Шчыгельскім, Вадзім Дубноў піша: “Няздольнасьць да перажываньня віны і атрыманьня карысьці зь неспрыяльнага досьведу” дапаўняе натуральнае нежаданьне дзяліцца ўладаю, і гэта зразумела: калі Лукашэнка аддасьць хоць бы частку, ён рызыкуе згубіць усё, а ад бялградзкіх алюзіяў усю прэзыдэнцкую эліту ўжо трасе”.
На думку расейскага аналітыка, “шанцаў на новы манэўр на ўсходзе больш ня бачна. Іх, строга кажучы, не было і раней, таму што распрацоўшчыкаў лукашэнкаўскай нішы ў Расеі было зашмат і безь яго – ад Зюганава да Лебедзя і Лужкова. Цяпер яшчэ горш: нішы гэтай больш няма, як няма і іншых, а былыя яе фаварыты паступова становяцца ў Расеі ўсяго толькі героямі эпізодаў для падручнікаў найноўшай гісторыі”.
І, нарэшце, выснова, да якой прыйшоў расейскі публіцыст і палітоляг Вадзім Дубноў: “Так што ў гэтым сэнсе Лукашэнку наканаваная толькі Беларусь. На пытаньне пра тое, ці доўга Беларусі наканаваны Лукашэнка, людзі, знаёмыя з дыягназам, адказваць не бяруцца. Нават пры тым, што ніякіх шанцаў празь пяць гадоў для яго ня бачаць".