НА МТЗ АДБЫЎСЯ СТЫХІЙНЫ СТРАЙК ЗЬ ПЕРЫКРЫЦЬЦЁМ РУХУ ПА ДАЎГАБРОДЗКАЙ

Міхал Стэльмак, Менск

Аб 11-й гадзіне некалькі соцень рабочых МТЗ выйшлі на вуліцу Даўгабродзкую, непадалёк ад прахадной заводу. Яны спынілі транспарт ды перакрылі вуліцу:

(Галасы: ) "Рух перакрыты! Усе стаяць... Людзі галодныя ідуць на працу! Нам учора казалі па заводзкім радыё, што сёньня будуць грошы, але іх няма. Мы натоўпам прабіваліся ў "белы дом".

Каб спыніць акцыю рабочых, выклікалі міліцыю. Міліцыянты загадалі ачысьціць вуліцу. Аднак удзельнікі пратэсту не падпарадкаваліся і запатрабавалі, каб да іх выйшлі кіраўнікі заводу на чале з генэральным дырэктарам Міхаілам Лявонавым:

(Галасы: ) "Давай Лявонава! — Лявонава няма ў горадзе... Сказалі, што Лявонаў на "Дажынках". — Адпачывае. А людзі тут душацца. Калі зарплату трэба даваць, дык Лявонава заўжды няма. — Вось мужчына прыйшоў зь дзіцём, ён можа нават малака не купіў, бо няма грошай. — Як гэта так ён паехаў гуляць, калі ў яго рабочыя галодныя! Дзяцей няма чым карміць, а ён паехаў сабе пуза набіваць".

Вестка пра тое, што генэральны дырэктар Лявонаў у гэты час знаходзіцца ў Мазыры на сьвяткаваньні "Дажынак", надзвычай абурыла рабочых. Замест кіраўніка заводу на вуліцу Даўгабродзкую выйшла некалькі намесьнікаў дырэктара.

(Галасы: ) "Дзе грошы за 500 трактароў? Куды падзелі нашыя грошы?! Для таго, каб наш трактар куплялі, ён мусіць быць якасным. Паклаўшы руку на сэрца, скажыце — ці атрымалі вы зарплату?"

(Намесьнік дырэктара: ) "Не!"

(Мужчына: ) "У цябе сумленьня хапае хлусіць! Мы рабочыя, вы наймальнік. Забясьпечце нас работай і зарплатай".

(Намесьнік дырэктара: ) "Ні я, ні генэральны дырэктар не задаволеныя сёньня працай заводу".

(Мужчына: ) "Калі вы не задаволеныя, дык чаго вы ніякіх захадаў ня бераце?!"

Адзін з намесьнікаў генэральнага дырэктара МТЗ Леанід Крупец, які выконваў сёньня абавязкі кіраўніка прадпрыемства, паспрабаваў узяць ініцыятыву ў свае рукі. Тым больш, што да ўдзельнікаў пратэсту прыехалі кіраўнікі гораду, Міністэрства прамысловасьці:

(Крупец: ) "Я, выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара Крупец Леанід Мікалаевіч, абяцаю, што калі грошы не пачнуць даваць, то я прыйду першым ды стану на гэтыя трамвайныя рэйкі".

(Ярохаў: ) "Я, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ярохаў Мікалай Міхайлавіч. Вашыя дзеяньні ўжо ўсе ўспрынялі. Пра ваш учынак даклалі ўсім наверсе, у тым ліку прэм'ер-міністру і прэзыдэнту. Горад вы ўжо спынілі, па ўсіх вуліцах усё стаіць. І трамваяў — паглядзіце, колькі стаіць!"

Нягледзячы на ўгаворы начальства, рабочыя патрабавалі неадкладна выплаціць заробкі. А 13-й гадзіне ўдзельнікам пратэсту паведамілі, што ў заводзкую касу прыйшоў афіцыйны дазвол на выплату грошай. Толькі пасьля гэтага натоўп схлынуў з вуліцы і разблякаваў рух транспарту. Ля касы ўтварылася вялізная чарга — атрымаць заробкі мусяць больш як 20 тысяч працаўнікоў МТЗ.

29 верасьня абвесьцілі на трактарным заводзе працоўным днём, таму кіраўніцтва паабяцала, што заўтра выплату заробкаў прадоўжаць.