АСУДЖАНЫЯ ЗА ШПІЯНАЖ НА КАРЫСЬЦЬ ІТАЛІІ ПАПРАСІЛІ ЛУКАШЭНКУ ПАМІЛАВАЦЬ ІХ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакат італьянца Сяргей Казлоў сказаў, што ня ведае, калі будзе адказ на прашэньне. "Разгляд такіх прашэньняў — марудная бюракратычная працэдура, але мы спадзяемся, што яна ня будзе праведзеная фармальна", — сказаў адвакат.

Прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў ужо заявіў, што "КГБ уважае Піу і Ўшак не за сапраўдных шпіёнаў, а за ахвяраў італьянскіх спэцслужбаў", і таму зробіць усё магчымае, каб "прашэньне аб памілаваньні было задаволенае".

Раней ужо паведамлялася, што Піу і Ўшак на судзе прызналі сябе вінаватымі, а пасьля суду ня выказалі жаданьня абскарджваць рашэньне судзьдзяў. Некаторыя тлумачаць іхную пазыцыю тым, што за прызнаньне сябе шпіёнамі Піу і Ўшак абяцалі памілаваньне.