НОВЫ ДЫРЭКТАР ДРУКАРНІ “МЭДЖЫК” – ЦЭНЗАР?

Ігар Карней, Менск

Учора гэта ж здарылася са штодзённым нумарам газэты. Зараз рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч патрабуе ад кіраўніка друкарні даведку, што той сапраўды мае паўнамоцтвы дзяржаўнага цэнзара.

Цяжкасьці ў "Народнай волі" пачаліся яшчэ ўчора, калі з "Мэджыка" вярнулі нумар, на першай паласе якога спадару Глушакову не спадабаўся здымак з надпісам "Лукашэнка — гэта мінулае, Ганчарык — гэта будучыня". Позна ўвечары давялося тэрмінова шукаць замену.

Сёньня гісторыя паўтарылася з адмысловым выпускам "Народнай волі", што быў прымеркаваны да выбараў. У рэдакцыі мне паказалі "крамольныя" адбіткі палосаў, на якіх рукой Глушакова пастаўленыя шматлікія рэзалюцыі: "зьнявага", "выкінуць", "адкарэктаваць" і г.д.

Пакуль рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч ня вырашыў, што рабіць далей. Але схіляецца да думкі, што дзеля выхаду спэцвыпуску прыйдзецца адмовіцца ад некаторых лёзунгаў (прыкладам: "Палітычны шулер, які хлусіць часьцей, чым есьць, не павінен быць прэзыдэнтам Беларусі"). Сваімі ўражаньнямі ад рэанімаванай цэнзуры дзеліцца намесьнік рэдактара "Народнай волі", публіцыст Анатоль Казловіч:

(Казловіч: ) "Адразу прыгадваю часы, калі працаваў у "Сельскай газете", у часопісе "Нёман" і калі прыходзілася кожны нумар везьці ў так званы "главліт" — гэта была партыйная цэнзура. І там ужо адстойваць кожны радок, кожны матэр'ял, кожнае слова.

Тыя часы, на жаль, вярнуліся ў нашу Беларусь. Уладзімер Глушакоў, неблагі пісьменьнік калісьці, фактычна прызначаны дзяржаўным цэнзарам у прыватную друкарню. Гэта грубае парушэньне і заканадаўства, і ўсіх прынцыпаў дэмакратычнае дзяржавы. Супраць гэтага ўсе мы, журналісты, павінны змагацца, каб усё ж заставацца журналістамі, а не паслугачамі, каб несьці вольнае слова нашым людзям".

Варта дадаць, што Ўладзімер Глушакоў адначасова зьяўляецца намесьнікам старшыні Камітэту па друку і сродках масавай інфармацыі — высокапастаўленым дзяржаўным чыноўнікам. І ягонае прызначэньне дырэктарам прыватнай друкарні, дзе друкуюцца асноўныя апазыцыйныя выданьні, большасьць адмыслоўцаў разглядае як зусім не выпадковае.