СУСЬВЕТНЫ ДРУК ІМГНЕННА АДГУКНУЎСЯ НА ЗЬЯЎЛЕНЬНЕ ЎЧОРАШНЯЙ ВІДЭАКАСЭТЫ

Сяргей Шупа, Прага

Відэастужка дадала новай вагі цьверджаньням пра тое, што арганізаваны ўладамі «эскадрон сьмеці» забіў дваіх палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, - піша газэта і працягвае. – Гэтая інфармацыя – самая апошняя ў сэрыі абвінавачаньняў улады Лукашэнкі ў тэроры і рэпрэсіях супраць апанэнтаў рэжыму. З набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнкавы апанэнты спадзяюцца, што гэтыя сьведчаньні пераканаюць 10-мільённае насельніцтва краіны ў неабходнасьці адхіленьня Лукашэнкі ад улады.

З гэтым цьверджаньнем пагаджаецца яшчэ адна амэрыканская газэта – The New York Times. Цяперашні барабанны бой абвінавачаньняў, як выглядае, разьлічаны на тое, каб вывесьці Лукашэнку з раўнавагі і расштурхаць традыцыйна млявы беларускі электарат.

«Новыя абвінавачаньні на адрас Лукашэнкі». Сьледчыя КГБ паведамляюць пра дэталі забойства апазыцыянэраў. У Беларусі рэжыму аўтарытарнага кіраўніка Лукашэнкі выстаўленыя новыя абвінавачаньні – паведамляе сёньняшняя Frankfurter Allgemeine Zeitung. Газэта падрабязна пераказвае зьмест усяго, што распавялі зьнятыя на відэакасэце людзі.

«Новая відэакасэта пра беларускі «эскадрон сьмерці»» - гэтак гучыць загаловак у польскай Gazecie Wyborczej. Аўтар публікацыі Цэзары Галіньскі зазначае, што ўлады пакуль не камэнтуюць зьмест касэты.

Швэдзкая Svenska Dagbladet зьмяшчае ў сёньняшнім нумары матэрыял пад загалоўкам «Эскадрон сьмерці забіў беларускага віцэ-прэм’ера». Газэта пераказвае зьмест касэты і цытуе прэсавага сакратара КГБ Фёдара Котава, які выказаў сумнеў у тым, што людзі на касэце – сапраўды тыя, кім яны назваліся.

А вось гішпанская El País, у сваім загалоўку паведамляе ні больш ні менш: «Беларускі КГБ вінаваціць прэзыдэнта ў забойстве».