ШТАБЫ ДОМАША І ГАНЧАРЫКА АБ’ЯДНАЛІСЯ І Ў ГОРАДНІ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гэта адбылося ў нядзелю. У Горадню зьехаліся прадстаўнікі ўсіх раённых штабоў Сямёна Домаша. Яны вырашылі скасаваць свае структуры, пераўтварыўшы іх у штабы адзінага кандыдата ад шырокай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка. Людзі будуць працаваць у ранейшым складзе, а кіраваць штабам будзе Анатоль Хацько, які ажыцьцяўляў каардынацыю дзеяньняў у вобласці ініцыятыўных групаў Сямёна Домаша.

Гэтае пераўтварэньне было нялёгкім. І пытаньне нават ня ў тым, што па колькасьці подпісаў на Гарадзеншчыне Ўладзімер Ганчарык займае толькі 5-е месца.

Прадстаўнікі штабоў, зь якімі я размаўляў, на адзін голас гаварылі аб адным — Уладзімер Ганчарык ня меў у вобласьці рэальных працаздольных структураў. Па-сутнасьці, былі створаныя часовыя групы, каб сабраць подпісы. Праводзіць агітацыйную кампанію не было каму. Рэальнай дапамогі ад ініцыятыўнай групы Ганчарыка таксама ніякай не было. І ўсё ж актывісты Сямёна Домаша вырашылі працаваць на адзінага кандыдата.

Выбары яшчэ не адбыліся, а ўлады ўжо амаль гатовыя назваць іхныя вынікі. Старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка накіраваў тэлеграму Аляксандру Лукашэнку. У ёй гаворыцца: "Гарадзенцы не падвядуць Вас на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, і абсалютная большасьць аддасьць свае галасы за Вас, шматпаважаны Аляксандар Рыгоравіч".

Уладзімер Саўчанка пачаў кіраваць Гарадзенскай вобласьцю сёлета 29 сакавіка.