НАВАПОЛАЦКІЯ ТРАМВАЙШЧЫКІ АТРЫМЛІВАЮЦЬ ЦЯПЕР АМАЛЬ УДВАЯ МЕНШ, ЧЫМ У 1994 ГОДЗЕ

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Падразьдзяленьне гэтае — цэх №801, ці, папросту кажучы, трамвайнае дэпо, якое забясьпечвае транспартныя патрэбы як работнікаў "Паліміру", гэтак і жыхароў гораду.

Пры гэтым эканамічная сытуацыя, што склалася на аб’яднаньні, як у люстэрку адбілася на гаспадарчым становішчы згаданага цэху. За апошнія пяць гадоў тут не абнаўляўся рухомы састаў, не было капітальнага рамонту, а асноўнае абсталяваньне мае 30-гадовы стаж эксплюатацыі.

Эканамічныя праблемы адбіліся й на ўзроўні заработнай платы работнікаў. Так, калі ў памятным 1994 годзе транспартнікі атрымлівалі ў сярэднім 100 даляраў, дык сёньня іхны заробак ледзь дацягвае да 60-ці.

Паколькі дэпо абслугоўвае ня толькі паліміраўцаў, але й жыхароў гораду, кіраўніцтва аб’яднаньня рабіла неаднаразовыя спробы перадаць яго на балянс гарадзкой камунальнай гаспадаркі. Спробы такія ня мелі посьпеху і ўрэшце, каб зьменшыць выдаткі, кіраўніцтва фактычна прыраўняла заробкі транспартнікаў да ўзроўню работнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. А ўсім незадаволеным паведаміла: будзеце скардзіцца, звольнім па скарачэньні штатаў.

Сёлета ў сакавіку ў зьвязку з падвышкай "мінімалкі" дэпоўцы чакалі, што ім павялічаць заробак, але не дачакаліся, бо адміністрацыя "Паліміру" зьнізіла ім на палову бала падвышальны каэфіцыент. Прычым зроблена гэта было, паводле загаду генэральнага дырэктара, "у мэтах сацыяльнай абароны і падтрыманьня жыцьцёвага ўзроўню".

Да апошняга часу ў работнікаў дэпо была спадзеўка, што ім падвысяць тарыфную стаўку, балазе, з 1 чэрвеня працаўнікам асноўнай вытворчасьці "Паліміру" яна была павялічаная ў два з паловай разы. Пасьля таго прайшоў месяц і, нарэшце, адміністрацыя вырашыла павялічыць стаўку і работнікам дэпо, але ўсяго толькі на 27%. Такім чынам, тарыфная стаўка работнікаў асноўнай вытворчасьці перавысіла стаўку транспартнікаў у чатыры разы.

Днямі ў дэпо адбыўся сход, на якім была прынятая пэтыцыя да найвышэйшых уладаў краіны з патрабаваньнем падвышкі заработнай платы. У ёй дэпоўцы задаюць кіраўніку дзяржавы рытарычнае пытаньне: як гэта, пры дэкляраваным росьце сярэдняга заробку да 100 даляраў, іхныя заробкі штомесяцу скарачаюцца?

"Так, як мы жывем зараз, жыць немагчыма. Калектыў у нас малады, у кожнага ёсьць дзеці; як іх пракарміць і ў што апрануць — мы ня ведаем", — гаворыцца пры канцы пэтыцыі, якую падпісалі 86 чалавек. Паперу гэтую яны вырашылі таксама пераслаць у рэдакцыі дэмакратычных газэт.